Працягваецца зачыстка грамадскага сектара
Галоўнае Упраўленне юстыцыі Берасцейскага абласнога выканкама ліквідавала гуманітарна-асветніцкае аб’яднанне “Садружнасць Палесся” і дабрачыннае аб’яднанне “Абарона жывёл”, якія пераважна дзейнічалі на Піншчыне. Апошняе займалася праблематыкай бадзяжных жывёлаў, а “Садружнасць Палесся” рэалізоўвала ў пінскім рэгіёне краязнаўча-турыстычныя ініцыятывы.
Знішчэнне грамадскіх арганізацый будзе трываць да таго часу, пакуль не застануцца цалкам падкантрольныя ўладам структуры, – гаворыць праваабаронца Алесь Рамановіч:
„Эфект- проста ў нас не будзе грамадскай супольнасці наогул. Яе і так фактычна не было. Зараз знішчылі ўжо ўсё, што было незалежнае, застануцца толькі тыя, хто больш надзейны для ўлады. Пасля гэтай зачысткі нават не застанецца нармальных грамадскіх арганізацый, толькі ўладныя засталіся. Надзейныя, так сказаць”.
Масавая зачыстка грамадскага сектара ў Беларусі пачалася ўлетку і трывае дагэтуль. За гэты час у краіне знішчана звыш 300 арганізацый, якія Лукашэнка назваў “дэструктыўнымі”.
Беларускае Радыё Рацыя
