Прайшлі святкаванні 30-годдзя Саюза палякаў у Беларусі (абноўлена)



На Гарадзеншчыне ў нядзелю працягваліся мерапрыемствы, прысвечаныя 30-годдзю Саюза палякаў у Беларусі. Цягам дня 29 ліпеня ў межах святкавання юбілею адбыўся аб’езд польскіх месцаў нацыянальнай памяці на Гарадзеншчыне. Другі дзень святкаванняў скончыўся вялікім мерапрыемствам на Аўгустоўскім канале.

На свята завіталі палітыкі і грамадскія дзеячы з розных куткоў Беларусі. Пра мерапрыемства кажа палітык Аляксандр Мілінкевіч:

Прыйшоў маральна падтрымаць. Але калі такімі нармальнымі людскімі словамі, то скажу так: я гарадзенец, і Гародня багатая і вядомая тым, што ў нас ёсць шматкультурнасць, шматканфесійнасць. І мы ўмелі ладзіць. Польскае адраджэнне падтрымлівала беларускае і наадварот. І было гэта заўсёды, яшчэ з 80-х гадоў. Беларусы шмат дапамагалі палякам, каб яны самаарганізаваліся. Праўда, і палякі, як адмянялі Пагоню, стаялі са сваімі сцягамі. Гэта даўняе сяброўства. Я лічу, што гэта проста постсавецкі сіндром.

Для кіраўнічкі “БелсатаАгнешкі Рамашэўскай-Гузы, што прыехала на святкаванне, Саюз палякаў – адна з самых моцных арганізацый у Беларусі.

– Саюз, якім кіруе Анжаліка Борыс, першыя паўгода дзейнічаў у прыватных кватэрах, пасля ў нейкіх офісах. І мушу сказаць, што калі бачу, што Саюз у стане надалей яднаць людзей, у стане далей функцыянаваць, калі бачу, як біскуп вядзе Імшу на 30-годдзе і прыязджаюць усе афіцыйныя асобы, то маё сэрца цешыцца: такая ўпартасць нешта дае.

На святкаванне 30-годдзя адной з самых вялікіх грамадскіх арганізацый Беларусі прыехалі прадстаўнікі розных аддзелаў з рэгіёнаў Беларусі. Да месца святкаванняў прыяджалі вялікія аўтобусы, у якіх былі людзі рознага ўзросту. Пра свой удзел кажа Валеры Богдан з Ваўкавыска.

– Мы дэлегацыя з Ваўкавыска. Прыехалі поўным аўтобусам. Нас больш за 50 чалавек, бо прыехалі нават прыватнымі машынамі. Для нас гэта вялікая ўрачыстасць, якую мы вельмі чакалі. Ехалі сюды ахвотна, ніхто не адмовіўся ад запрашэння. Для нас гэта вельмі важна. Мы жывём у Беларусі, але мы палякі.

Для кіраўніка аддзела Саюза палякаў з мястэчка Лунна Лявона Карповіча гэтая арганізацыя – самая магутная грамадская арганізацыя ў Беларусі:

Урачыстасць вельмі важная. Бо 30 гадоў – гэта не проста 30 гадоў каляндарнага адліку. Гэта 30 гадоў вельмі выніковай працы. Калі паглядзець, колькі зроблена Саюзам палякаў у прапагандзе культуры, мовы, аздараўленні дзяцей, навучанні, то вельмі-вельмі багата. У той жа галіне культуры колькі ёсць хароў! А колькі спартоўцаў выступае за мяжой ад Саюза палякаў. Я лічу, што цяпер Саюз палякаў у Беларусі – гэта самая магутная грамадская арганізацыя.

На сённяшкі дзень у Саюзе палякаў каля 100 аддзелаў у розных кутках Беларусі. Саюз мае аддзелы ў Менскай і Віцебскай абласцях. На святкаванні ў маёнку Караліно выступалі хоры з гэтых самых аддаленых аддзелаў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя