“Вясна” сабрала факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 18 лістапада



Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Так, сёння ў Баранавічах былі затрыманы як мінімум шэсць чалавек. Перад затрыманнямі ў іх дамах прайшлі ператрусы. Сярод затрыманых:

актывіст Руху „За свабоду” Юрый Казакевіч, Яўген Крывашэін, Андрэй Гіль, Павел Ермаловіч, Віктар Шэрышаў і Мікалай Рослік. Таксама вядома пра затрыманні ў Наваполацку. Сярод затрыманых – Андрэй Корабаў. Прозвішчы астатніх высвятляюцца.