Праваабарончы цэнтр “Вясна” зладзіў акцыі салідарнасці ў розных гарадах свету



10 снежня, у Дзень правоў чалавека, Праваабарончы цэнтр “Вясна” зладзіў акцыі салідарнасці ў розных гарадах свету.

У Вільні такая акцыя прайшла на Лукішскай плошчы, што не выпадкова. Бо каля гэтага месца ў ХХ стагоддзі шмат людзей сутыкаліся з рэпрэсіямі з боку дзяржавы, адзначыла прадстаўніца “Вясны” Наталля Сацункевіч:

– Тут зусім побач знаходзіцца будынак КДБ, зараз музей, таксама лукішская турма, дзе таксама музей. Я вельмі чакаю тых дзён, калі на месцы СІЗА №1 у Менску, на месцы ізалятара на Акрэсціна будзе музей рэпрэсій і будуць згаданыя тыя, хто там пакутваў. А тыя, хто катаваў людзей, пройдуць праз справядлівыя судовыя разбіральніцтвы.

На акцыі салідарнасці ўзгадалі ўсіх палітзняволеных “вясноўцаў”:

– Свабоду Алесю Бяляцкаму! Свабоду Уладзіміру Лабковічу! Свабоду Валянціну Стэфановічу! Свабоду Марфе Рабковай! Свабоду Таццяне Ласіцы! Свабоду Леаніду Судаленка! Свабоду ўсім палітвязням! Свабоду “Вясне”!

10 снежня 1948 года на Генеральнай асамблеі ААН была прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека— першы сістэмны дакумент, які замацаваў для людзей усяго свету іх правы.

rpt
rpt

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя