Праваабаронца: “Нязгодных” усё часцей караюць па крымінальных артыкулах
Віцебская праваабаронца Ірына Траццякова адзначае, што апошнім часам пабольшала крымінальных справаў, распачатых супраць людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Калі наступствамі мірных пратэстаў супраць вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў былі тысячы адміністрацыйных прысудаў, то цяпер суды працуюць з крымінальнымі справамі, кажа Ірына Траццякова:
– Падчас ператрусаў масава забіраюць тэхніку, гаджэты. І падчас экспертызы там знаходзяць такія матэрыялы, якія дазваляюць прыцягнуць ды крымінальнай адказнасці трэціх асобаў. Адбываецца масавая зачыстка. Вельмі часта ўжываюцца крымінальныя артыкулы пра паклёп на дзяржаўных асобаў, абразы, у тым ліку абраза Аляксандра Лукашэнкі, гвалт або пагроза гвалтам – у сетцы Інтэрнэт.
Паводле праваабаронцы, да адміністрацыйнай адказнасці цяпер найчасцей прыцягваюць за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі або нават проста за спалучэнне белага і чырвонага колераў. І часам такі пераслед супярэчыць звычайнай логіцы: прыкладам, дзяўчыну аштрафавалі толькі за нетрадыцыйную прычоску – пасму светлых валасоў яна пафарбавала ў чырвоны колер, і суд яе аштрафаваў як за правядзенне несанкцыянаванага пікету.
Беларускае Радыё Рацыя
