Праваабаронцам сталі вядомыя імёны трох з 13 палітвязняў, памілаваных Лукашэнкам



Згодна з паведамленнем пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”, гэта асуджаныя Віктар Каліноўскі (Берасце), Валерый Лаза (Светлагорск, Гомельская вобласць) і Максім Шаўлінскі (Орша, Віцебская вобласць).

„Вядома, што Віктара Каліноўскага ўжо вызвалілі. Валерый Лаза ляжаў у бальніцы з атытам, але сёння да яго прыехалі з адміністрацыі ваўкавыскай „хіміі” і прапанавалі збірацца і ехаць з імі ў пракуратуру, каб аформіць патрэбныя дакументы для вызвалення”, — гаворыцца ў паведамленні.

Каліноўскі прыгавораны да двух з паловай гадоў абмежавання волі за надпісы на прыпынках грамадскага транспарту і гандлёвым кіёску ў Берасці (ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса, хуліганства). Ён адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 49 у Шклове (Магілёўская вобласць).

Валерыя Лазу асудзілі за абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Ён таксама быў прыгавораны да двух з паловай гадоў абмежавання волі і адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 29 у Ваўкавыску (Гродзенская вобласць).

Шаўлінскі быў прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі паводле арт. 188 КК (паклёп) за каментар у закрытым тэлеграм-чаце. Яго абвінавацілі ў паклёпе на супрацоўніка міліцыі. Шаўлінскі адбываў пакаранне ў папраўчай установе № 21 у Мазыры (Гомельская вобласць). Сёння яго павінны вызваліць.

Раней стала вядома, што Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 13 чалавек. Гэтыя людзі былі часткай спіса з 100 фігурантаў спраў, звязаных з пратэстамі, які падрыхтаваў былы актывіст ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, дырэктар установы „Круглы стол дэмакратычных сіл” Юрый Васкрасенскі.

БелаПАН