На праваабаронцу Алену Маслюкову складзены адміністрацыйны пратакол (абноўлена)



На сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Алену Маслюкову складзены адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якім праваахоўныя органы палічылі флэш-моб 15 верасня. Паводле Алены Маслюковай, спачатку была спроба маёра Дзмітрыя Шпака абвінаваціць яе ў арганізацыі флэш-моба:

– Я ім сказала, што працую выключна ў прававым полі. Гэта азначае, што я асабіста занесла заяву на правядзенне мітынгу. А калі вас цікавіць, хто з’яўляецца арганізатарам, я магу вам падказаць: арганізатары гэтага мерапрыемства сядзяць у суседнім будынку, там, дзе нам адмовілі ў правядзенні афіцыйнага мітынгу. Людзі, кажу я ім, маюць права хадзіць па вуліцах горада, адпачываць там, дзе лічаць неабходным, і не вам ім указваць і распараджацца.

Алена Маслюкова не пагадзілася з пратаколам і напісала сваю заўвагу, што не лічыць флэш-моб масавым мерапрыемствам, а сваё знаходжанне на плошчы – удзелам у ім.

Дарэчы, праваабаронца не падпарадкавалася ўнутранаму распарадку аб пакіданні рэчаў у сейфе, спаслаўшыся на адміністрацыйна-працэсуальны кодэкс, і запісвала, нягледзячы на пратэсты міліцыянта, размову на дыктафон.

* * *

У Светлагорскім РАУС міліцыянт Дзмітрый Шпак склаў на Алену Маслюкову пратакол па ч 1. артыкула 23.34 – за тое, што яна “ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (флэшмобе)”. Праваабаронца з пратаколам не пагадзілася, бо лічыць, што флэшмоб не з’яўляецца масавым мерапрыемствам, а яе прысутнасць на плошчы не мусіць аўтаматычна трактавацца як яе ўдзел у ім.

Акрамя гэтага, у міліцыі праваабаронца даведалася, што пасля флэшмобу міліцыянты затрымалі трох хлопцаў, адзін з якіх быў непоўнагадовы.

***

Сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Алену Маслюкову са Светлагорску выклікалі на допыт у Светлагорскі РАУС. Яна атрымала позву за подпісам начальніка РАУС палкоўніка Зязётка.

Паводле Алены Маслюковай, позву ўручылі натуральна як закаранелай злачынцы:

– Учора ўвечары пасля 21-й гадзіны быў моцны грукат у дзверы. Дзверы я не адчыняла, бо знаходзілася дома адна. Сёння зранку зноў грукат у дзверы. Дзверы я не адчыняла, бо дома была адна, займалася сваімі справамі. Пасля, калі мне трэба было выйсці на вуліцу, нечакана, прама каля дзвярэй, якія я зачыняла, аказаўся участковы міліцыянт, які ўсунуў мне ў рукі позву.

У павестцы паведамляецца, што Алена Маслюкова запрошана для апытання ў якасці асобы, супраць якой распачата адміністрацыйная справа:

– Зараз яны, напэўна, імкнуцца адшукаць чалавека, які зладзіў вось гэты флэш-моб на плошчы. Калі знойдуць – хай шукаюць.

15 верасня, за гадзіну да флэш-мобу, Алену Маслюкову спешна выклікаў пракурор Светлагорскага раёна і зрабіў папярэджанне за магчымую арганізацыю праваабаронцамі флэш-мобу “Светлагорск – за чыстае паветра”. Верагодна, міліцыя вырашыла давершыць справу магчымым штрафам. Усё гэта зроблена для застрашэння Маслюковай, да якой звяртаюцца людзі за дапамогай. Па словах Маслюковай, сёння такі смурод стаіць ад цэлюлознага камбіната ў Якімавай Слабадзе, што немагчыма дыхаць.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]