Праваабаронцу Ірыну Траццякову аштрафавалі за падзеі 19 чэрвеня



19 чэрвеня 2020-га году ў Віцебску паўстаў ланцуг салідарнасці з затрыманым Віктарам Бабарыкам. Гэта быў апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, і  Ірына Траццякова праводзіла маніторынг сітуацыі як удзельніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Праз тры дні яе затрымалі і склалі стандартны пратакол пра парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах – маўляў, яна хлопала ў ладкі і выражала сваё грамадскае меркаванне. Да пратаколу міліцыянт Максім Дарагенскі дадаў відэа і фотаздымкі, але зусім іншага чалавека – блогеркі Алены Янушкоўскай. Нягледзячы на гэта, Ірыну аштрафавалі, але абласны суд вярнуў  яе справу на новы разгляд.

Дакументы перадаваліся розным суддзям, пакуль урэшце трапілі да суддзі Святланы Варатынскай. У якасці сведкі на працэсе выступіў міліцыянт, які прызнаўся, што прыняў за Ірыну Траццякову іншага чалавека. Але ўсё зноўку скончылася штрафам, кажа праваабаронца:

– Прызнаць тое, што ў маіх дзеяннях няма складу правапарушэння – гэта значыць прызнаць, што першая суддзя памылілася, і памыліўся орган, які вёў адміністрацыйны працэс. Але ж мы выдатна разумеем, што мяне зробяць вінаватай у любым выпадку. Ніякай іншай пастановы быць не магло!

 

Прысутныя на судзе сябры і знаёмыя Ірыны Траццяковай былі чарговы раз шакаваныя нежаданнем суду разбірацца ў сутнасці справы. Бо праваабаронцу не толькі пераблыталі з іншым чалавекам, але абвінавацілі ў тым, чаго яна не рабіла, падкрэслівае актывістка Таццяна Севярынец:

– Ірыне было важна, каб суд зразумеў, што ніякага складу правапарушэння не было, што яна выконвала свае абавязкі як праваабаронца. Усё гэта значыць, што суддзя не зрабіла аніякіх высноваў, што яна засталася на баку гэтай ганебнай сістэмы, якая ні за што выносіць такія ганебныя прысуды. 

Па выніках разгляду справы суддзя Святлана Варатынская  пакарала праваабаронцу штрафам памерам 20 базавых велічынь, паўтарыўшы вырак сваёй каляжанкі Алены Грабянчук, якая асудзіла Ірыну Траццякову яшчэ 24 чэрвеня. Абедзве суддзі ўжо даўно трапілі ў санкцыйныя спісы за несправядлівыя прысуды віцебскім актывістам.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск