Праваабаронцу Паўла Левінава адвезлі ў шпіталь з турэмнага ізалятара



Увечары 5 траўня віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава затрымалі супрацоўнікі РАУС Сенненскага раёна. Гэта адбылося каля 19-й гадзіны на лецішчы ў брата, распавёў Левінаў:

«Калі прыехала міліцыя, то высветлілася, што мясцовыя супрацоўнікі маюць загад адвезці мяне ў Багушэўск і перадаць супрацоўнікам віцебскай міліцыі. Каб ужо тыя пад вартай даставілі мяне ў Ізалятар часовага ўтрымання адбываць прысуджаны 15-суткавы арышт. Я маю накіраванне ў шпіталь на 10 траўня, і 11-га мусіць адбыцца планавае хірургічнае ўмяшальніцтва, якога вымагае стан майго здароўя. Але тлумачыць гэта супрацоўнікам- шарагоўцам было безвынікова. Давялося ехаць зь імі».

Павел Левінаў у віцебскім шпіталі, архіўнае фота

Адміністрацыйным арыштам працягласцю 15 сутак суддзя Кастрычніцкага райсуда Іна Грабоўская пакарала праваабаронцу нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях 25 і 26 сакавіка. Павел Левінаў спрабаваў давесці, што ён ажыццяўляе маніторынг па накіраванні Беларускага Хельсінскага камітэта як праваабаронца. Аднак гэтыя аргументы прынятыя не былі: суд пастанавіў пакараць Паўла Левінава арыштам, гэтаксама як і праваабаронцаў, журналістаў Леаніда Свеціка і Канстанціна Мардзвінцава. Абскардзіць рашэнне райсуда не ўдалося, адно што абласны суд скараціў праваабаронцу тэрмін знаходжання пад арыштам на 10 гадзін. У адбыўку арышту быў улічаны час пасля затрымання ў 13:10 да 23:20, пакуль Левінава не забрала з ІЧУ хуткая дапамога.

Праваабаронца скардзіўся на здароўе, лекары дыягнаставалі ў яго гіпертанічны крыз. Сталася так, што ўчора ў ізалятары дзяжурылі тыя самыя супрацоўнікі, што і 26 сакавіка, апавёў брат Паўла, Андрэй Левінаў:

«Брата прывезлі ў ІЧУ, ён паказаў накіраванне на шпіталізацыю, і дзяжурныя супрацоўнікі адмовіліся браць на сябе адказнасць за ягонае здароўе. Выклікалі хуткую дапамогу, і каля 1-й ночы Паўла адвезлі ў шпіталь — дарэчы, у той самы, куды ён трапіў паўтара месяца таму. Паклалі ў кардыялагічнае аддзяленне».

Павел Левінаў даглядае 80-гадовую нямоглую маці. А таму прасіў суддзю Іну Грабоўскую, каб яна дазволіла растэрмінаваць адбыццё арышту на некалькі частак, каб не пакідаць яе больш як на два тыдні. Але растэрміноўкі яму не далі.

Паводле праваабаронцы, уночы яму паставілі кропельніцу, і цяпер ён пачуваецца лепей у параўнанні з учорашнім. Ён не бярэцца прадказаць, ці ня будзе загаду забраць яго ў ІЧУ проста з палаты.

«Радыё Свабода»