Праваабаронцу Уладзіміра Краўчанку збіраюцца судзіць за распаўсюд экстрэмізму



Дырэктара Магілёўскага праваабарончага цэнтру Уладзіміра Краўчанку затрымалі на працы 15 лютага. Сёння, 17 лютага, яго будуць судзіць. Цяпер Краўчанка можа не трапіць на суд па закрыцці МПЦ, паведамляе novychas.online.

Уладзіміра Краўчанку сілавікі забралі наўпрост з заняткаў са школы, дзе ён працуе. Праваабаронцу завезлі ў аддзяленне міліцыі і склалі пратакол паводле арт. 19.11 КААП РБ  — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Праваабаронцы паведамляюць, што падставай затрымання, хутчэй за ўсё, сталі ілюстрацыі з лагатыпам тэлеканала, прызнанага беларускімі ўладамі экстрэмісцкім. Гэтыя выявы былі знойдзеныя ў ноўтбуку ці смартфоне.

Затым Уладзіміра Краўчанку адпусцілі, але паведамілі яму, што судовы працэс па ягонай справе адбудзецца 17 лютага ў 14:30 у судзе Ленінскага раёна.

У гэты ж час у судзе Магілёўскай вобласці пачнецца суд з нагоды ліквідацыі грамадскага аб’яднання „Магілёўскі праваабарончы цэнтр”, дырэктарам якога Уладзімір Краўчанка з’яўляецца. Такім чынам, у выпадку суда па адміністрацыйным пратаколе за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, Краўчанка можа не патрапіць на суд па ліквідацыі Магілёўскага праваабарончага цэнтру.

[manual_related_posts]