Праваабаронцу Валадара Цурпанава прыгаварылі да двух гадоў калоніі



Праваабаронцу і аднаго з лідараў леташніх пратэстаў у Магілёве Валадара Цурпанава, прызнанага палітвязнем, прыгаварылі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму, як і патрабаваў пракурор.

Прысуд вынесены за ўхіленне ад адбывання пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу (415 арт. КК). Падставай для крымінальнага пераследу асуджанага на тры гады абмежавання волі актывіста сталі дысцыплінарныя спагнанні за парушэнне ўнутранага распарадку.

Працэс праходзіў у судзе Круглянскага раёна пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Сасноўскага. Дзяржаўнае абвінавачанне прадстаўляў пракурор раёна Міхаіл Андросенка. Падсудны абараняў сябе сам.

У апошнім слове Цурпанаў заявіў, што яго незаконна і несправядліва ўзялі пад варту. Ён назваў інкрымінаваны яму артыкул „рудыментам гулагаўскай сістэмы пакарання”, якая павінна быць адмененая. На яго думку, заключэнне з’яўляецца помстай за тое, што ён дамогся сустрэчы з кіраўнікамі горада і вобласці, на якой агучыў патрабаванні пратэстоўцаў. Згадаў, што „край знаходзіцца ў працэсе негвалтоўнай рэвалюцыі”, мэта якой заключаецца ў пабудове беларускай дзяржавы і гэта, настойваў ён, абумовіла яго зняволенне.

За падтрымку ў няволі Цурпанаў падзякаваў жонцы, сваякам, калегам-праваабаронцам, а таксама сябрам і тым, хто дасылаў яму лісты.

Прысуд набудзе моц праз дзесяць дзён, калі абвінавачаны яго не абскардзіць. Цурпанаў мае намер гэта зрабіць.

На самім працэсе падсудны віны не прызнаў і настойваў, што „следства па ягонай справе не было”. Справу Цурпанаў назваў сфабрыкаванай і прасіў суд спыніць крымінальны пераслед з-за адсутнасці складу злачынства.

Ён адбываў пакаранне за абразу магілёўскіх суддзяў Вікторыі Паляковай і Вольгі Краўчанкі ў Круглянскай папраўчай установе № 46. У ёй актывіст прабыў з 5 лютага па 10 сакавіка 2021 года. За гэты час на яго наклалі тры спагнанні і паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці.

Паводле абвінавачання, дысцыплінарныя спагнанні на Цурпанава накладаліся за тое, што ён у недазволены час ляжаў і сядзеў на ложку, яго спальнае месца не было засланае належным чынам, а на ім і на тумбачцы ляжалі асабістыя рэчы.

Асуджаны адмовіўся працаўладкоўвацца на вызначанае адміністрацыяй спецкамендатуры прадпрыемства. Паводле нормаў заканадаўства, асуджаны абавязаны працаваць там, куды яго накіроўваюць.

Падставамі для пастаноўкі на прафілактычны ўлік, як казаў адзін з супрацоўнікаў спецкамендатуры, стала адмова асуджанага падпісаць добраахвотнае абавязацельства аб правапаслухмяных паводзін і нежаданне ўдзельнічаць у гуртках самадзейнасці. Ён нагадаў, што Цурпанаў не прызнаў віны за ўчыненае ім у Магілёве злачынства.

Супрацоўнікі спецкамендатуры на судзе казалі, што Цурпанаў патрабаваў, каб з ім размаўлялі і афармлялі дакументы на беларускай мове. Гэтага яны зрабіць не маглі, бо справаводства ў іх рускамоўнае. Яны прызнаваліся, што з такім асуджаным сутыкнуліся ўпершыню.

Паводле слоў Цурпанава кіраўніцтву спецкамендатуры ён прапаноўваў зладзіць курсы беларускай мовы. Адмову гаварыць з ім па-беларуску лічыў дыскрымінацыяй і парушэннем канстытуцыйных правоў.

На судзе ён прасіў, каб з ім таксама гаварылі па-беларуску, але пракурор і суддзя не задаволілі хадайніцтва, патлумачыўшы адмову тым, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы.

Валадар Цурпанаў актывіст апазіцыі з канца 1980-х гадоў. Кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары. У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы пратэстоўцаў з кіраўнікамі гарадской і абласной выканаўчай улады Магілёва. 1 верасня 2020-га прыйшоў на ўрачыстую лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў педагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсіфікацыю выбараў. Яго затрымалі і асудзілі на 20 сутак адміністрацыйнага арышту. Усяго за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні. 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зняволення. Быў шпіталізаваны. Да заключэння працаваў мантажнікам у прыватнай арганізацыі.

belapan.by