Праваабаронцы абвясцілі Пятрухіна і Няронскага палітвязнямі
Праваабаронцы абвясцілі блогераў Сяргея Пятрухіна (Бераце) і Уладзіміра Няронскага (Слуцк) палітычнымі зняволенымі. Яны патрабуюць ад уладаў неадкладнага вызвалення ўсіх блогераў, затрыманых па крымінальных справах, спынення рэпрэсій і запалохвання грамадзян у перыяд выбарчай кампаніі.
Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, Няронскі і Пятрухін праходзяць па „справе Ціханоўскага”. Іх падазраюць у „арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць парадак, альбо актыўным удзеле ў іх” (арт. 342 КК). Гаворка ідзе пра падзеі 29 мая ў Гродне падчас пікета па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай — жонкі папулярнага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіцца пад вартай з-за абвінавачання на падставе аналагічнага артыкула КК.
Праваабаронцы перакананыя, што згаданы пікет быў мірным сходам грамадзян, які цалкам адпавядаў нормам выбарчага заканадаўства. Усе затрыманні, што адбыліся ў той дзень, яны лічаць палітычна матываванымі. Ціханоўскі раней ужо быў прызнаны палітвязнем.
Праваабаронцы таксама валодаюць інфармацыяй, што супраць Няронскага распачалі яшчэ адну крымінальную справу — на падставе артыкула 369, угледзеўшы абразу старшыні Слуцкага райвыканкама (Менская вобласць) у адным з відэаролікаў блогера ў YouTube.
25 чэрвеня стала вядома аб распачынанні спраў паводле артыкула 342 КК у дачыненні да адміністратара тэлеграм-канала „Беларусь галаўнога мозгу” Ігара Лосіка і мінскага відэаблогера Уладзіміра Цыгановіча (MozgON). Інфармацыі аб тым, у чым канкрэтна іх падазраюць, пакуль няма.
Намеснік старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч расцэньвае крымінальны пераслед блогераў як перашкоду грамадзянам у рэалізацыі правоў, што гарантуюць Канстытуцыя Беларусі і міжнародныя дакументы, у тым ліку права на арганізацыю мірных сходаў.
Каментуючы крымінальную справу аб абразе прадстаўніка ўлады, распачатую супраць Няронскага, Стэфановіч падкрэслівае, што „згодна са стандартамі АБСЕ ўсе дыфамацыйныя артыкулы павінны быць дэкрыміналізаваныя”, а ўсе ўзніклыя ў гэтай плоскасці спрэчкі „павінны разглядацца ў парадку грамадзянскага судаводства”.
„Асамблея АБСЕ заклікала беларускія ўлады адмяніць крымінальную адказнасць за дыфамацыю публічных асоб. Трэба сказаць, што артыкул 369 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае павышаную адказнасць за абразу менавіта службовых асоб у параўнанні са звычайнымі грамадзянамі”, — цытуе spring96.org Стэфановіча.
Паводле яго слоў, характар новых крымінальных спраў і апошнія выказванні міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева дазваляюць праваабаронцам лічыць, што пераслед блогераў мае палітычны характар.
Выступаючы 25 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў, Караеў заявіў, што „людзі, якія хочуць зрабіць вулічную рэвалюцыю, вельмі добра арганізаваныя”, яны кіруюцца праз тэлеграм-каналы і стрымы „Радыё Свабода”.
belapan.by