Праваабаронцы накіравалі адкрыты зварот службовым асобам Гародні



Адкрыты зварот дзяржаўным службовым асобам Гарадзенскай вобласці, якія адказныя за захаванне законнасці, падрыхтавалі сябры некалькіх праваабарончых арганізацыяў у Гародні. Апошняй кропкай, якая змусіла праваабаронцаў напісаць такі ліст, сталі гвалт і беззаконне з боку міліцыі і судоў у гэтым месяцы. Жыхары Гародні былі сведкамі адміністрацыйных арыштаў, незаконных затрыманняў грамадзянаў асобамі ў цывільным, вынясенне вялізных штрафаў – толькі за тое, што людзі спрабавалі рэалізаваць свае правы. 

Кажа Віктар Сазонаў, праваабарончы Цэнтр „Вясна”:

– Гэты зварот таксама выспяваў не за адзін дзень. Таму што мы бачылі, што сітуацыя з правамі чалавека на Гарадзеншчыне пагаршаецца. Мы бачылі, што людзі не могуць рэалізаваць сваіх асноўных правоў. Такіх, як, напрыклад, права на мірныя сходы. Ужо каля 20 гадоў на Гарадзеншчыне ніхто не можа атрымаць дазволу, каб рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права. Нас вельмі бянтэжылі расправы над людзьмі за ўшанаванне памяці паўстанцаў у Свіслачы. Гэта была традыцыйная акцыя, якая праходзіць штогод. Людзі ўсё адно прыязджаюць, але людзей караюць, людзей пераследуюць за гэта.

Віктар Сазонаў са зваротам.

Зварот падпісаны чатырма праваабаронцамі: Віктарам Сазонавым, Раманам Юргелем, Эдвардам Дмухоўскім, Уладзімірам Хільмановічам, і накіроўваецца да наступных асобаў: старшыні Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту Уладзіміра Краўцова, начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкаму Вадзіма Сіняўскага, пракурора Гарадзенскай вобласці Віктара Корзуна, начальніка ўпраўлення КДБ па Гарадзенскай вобласці Аляксандра Церахава, старшыні Гарадзенскага абласнога суду Аляксандра Корзуна.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара