Праваабаронцы: Па палітычных матывах пераслед трываюць амаль тысяча чалавек
Беларускім праваабаронцам вядомыя імёны 999 асоб, якіх пераследуюць па палітычных матывах.
Пра гэта гаворыцца ў справаздачы аб сітуацыі з правамі чалавека ў краіне за сакавік, апублікаванай на праваабарончым сайце spring96.org.
У дакуменце адзначаецца, што на працягу сакавіка „ўлады працягвалі актыўна прымяняць крымінальны пераслед грамадзян па палітычных матывах”. Аўтарам справаздачы вядома пра 105 асуджаных па палітычна матываваных справах за мінулы месяц.
Паводле звестак Генпракуратуры, адзначылі яны, у суды накіравана 468 крымінальных спраў у дачыненні да 631 чалавека. Гэтыя справы звязаныя з удзелам у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, гвалтам і пагрозай яго прымянення да сілавікоў, іх публічнай абразай, апаганеннем надпісамі чужой маёмасці, хуліганствам, здзекам з дзяржаўнай сімволікі. Больш за 400 чалавек ужо асуджаныя.
У месцах няволі, згодна са звесткамі праваабаронцаў, знаходзяцца 325 палітычных вязняў, і іх колькасць працягвае павялічвацца па меры аналізу атрыманай інфармацыі аб крымінальных справах.
Паводле справаздачы, у сакавіку працягваўся націск на праваабарончую супольнасць. У прыватнасці, 1 сакавіка члена рады пазбаўленага дзяржрэгістрацыі ПЦ „Вясна” Дзмітрыя Салаўёва дапыталі ў Следчым камітэце ў якасці падазраванага па справе, распачатай па ч. 2 арт. 342 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці). Пасля допыту яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
На падставе таго ж артыкула ў сакавіку СК распачаў справу па факце дзейнасці „Вясны”. У межах гэтай справы праводзіліся вобшукі, допыты членаў арганізацыі і іншыя следчыя дзеянні.
За мінулы месяц праваабаронцы зафіксавалі 1.139 затрыманняў грамадзян за ўдзел у мірных акцыях пратэсту і выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, з іх у Менску — 841. Паводле звестак „Вясны”, у сакавіку суды разгледзелі больш за 490 спраў у дачыненні да грамадскіх актывістаў і ўдзельнікаў пратэстаў. Суддзі 395 разоў прызначалі адміністрацыйны арышт (ад 3 да 30 сутак) і вынеслі 82 пастановы аб штрафе (ад 2 да 200 базавых велічынь, або ад 58 да 5.800 рублёў).
Акрамя гэтага, праваабаронцы зафіксавалі ў сакавіку выпадкі парушэння свабоды выказвання меркаванняў і свабоды асацыяцый, націску на адвакатаў, факты заяў фігурантаў крымінальных спраў аб прымяненні да іх катаванняў і бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання.