Праект закона аб свабодзе вулічных сходаў ад праваабаронцаў
Праваабаронцы накіруюць дэпутатам законапраект „Аб свабодзе мірных сходаў”, распрацаваны беларускімі і замежнымі экспертамі. Прэзентацыя дакумента адбылася 28 чэрвеня ў Менску.
Намеснік старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч нагадаў, што Палата прадстаўнікоў 7 чэрвеня прыняла ў другім чытанні папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах. Дзяржорганы характарызуюць дакумент як прагрэсіўны, які лібералізуе ўмовы правядзення масавых мерапрыемстваў. Аднак, лічыць праваабаронца, „гэта не так, папраўкі не здымаюць многіх праблем”, пра якія гавораць незалежныя эксперты.
У прыватнасці, адзначыў ён, законапраект не адмяняе абмежаванні месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў. Паводле слоў Стэфановіча, вулічныя сходы павінны праводзіцца не ў вызначаных уладамі і, як правіла, маладаступных і малалюдных месцах, а ў непасрэднай блізкасці ад тых, да каго хочаш данесці сваё меркаванне.
Яшчэ адной з ключавых нявырашаных праблем Стэфановіч назваў захаванне нормы аб неабходнасці для арганізатараў сходу аплачваць паслугі розных дзяржаўных структур, у тым ліку камунальных службаў, міліцыі, хуткай меддапамогі. „Мы не павінны плаціць за рэалізацыю сваіх канстытуцыйных правоў”, — падкрэсліў ён.
Стэфановіч адзначыў, што ў яго няма вялікіх ілюзій адносна таго, што дэпутаты скарыстаюцца напрацоўкамі праваабаронцаў. Аднак, сказаў ён, законапраект, магчыма, будзе прыняты дэпутатамі, якія будуць абраныя ў парламент пасля правядзення сапраўдных свабодных выбараў.
belapan.by
