Праваабаронцы патрабуюць ад улады спыніць нагнятанне атмасферы страху (абноўлена)



Беларускія праваабаронцы  заклікалі ўлады спыніць гістэрыю і нагнятанне страху ў грамадстве.  Гэтую заяву падпісалі прадстаўнікі ўсіх вядучых праваабарончых арганізацый Беларусі. Па словах юрыста праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, можна канстатаваць, што ў Беларусі распачалася новая хваля рэпрэсій. Улады зноўку пачалі выкарыстоўваць шырокі спектар рэпрэсіўных нормаў, мераў і практык.

– Ад адвольных затрыманняў напярэдадні мерапрыемства, у прыватнасці 25 сакавіка, да ўзбуджэння крымінальных спраў, якія суправаджаюцца такім масавых прапагандысцкім фонам на дзяржаўнай тэлевізіі і ў СМІ. Па сутнасці гэтых крымінальных справаў інфармацыі пакуль што вельмі мала. Зноўку паўтараецца сітуацыя 2010 года, калі адвакатаў не дапускаюць да падабаронных. Што там з гэтай інфармацыі праўда, а што хлусня, сказаць цяжка, магчыма, цалкам ўсё хлусня.

Таму ў сваім звароце да ўладаў праваабаронцы заклікалі іх спыніць рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных пратэстаў, якія патрабуюць адмены дэкрэта №3, і вызваліць тых, хто быў падвергнуты адвольным затрыманням і арыштам.

“Адносна крымінальнай справы пра нібыта падрыхтоўку масавых беспарадкаў – трэба, прынамсі, забяспечыць гарантаванае законам права на абарону”,   – падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

***

Беларускія праваабаронцы патрабуюць ад улады спыніць істэрыю і нагнятанне атмасферы страху. Пра гэта заявіў намеснік старшыні ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч 24 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Ён зачытаў заяву, якая 24 сакавіка была падпісаная „Вясной”, Цэнтрам прававой трансфармацыі, Камітэтам абароны рэпрэсаваных „Салідарнасць”, Беларускім домам правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускім Хельсінкскім камітэтам, Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Беларускім дакументацыйным цэнтрам.

У дакуменце праваабаронцы канстатуюць значнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне і адзначаюць, што Канстытуцыя Беларусі разам з іншымі грамадзянскімі і палітычнымі свабодамі гарантуе грамадзянам свабоду мірных сходаў і выказвання свайго меркавання.

Пачынаючы з лютага, нагадваецца ў заяве, у многіх гарадах Беларусі праходзяць мірныя сходы грамадзян, на якіх яны выказваюць нязгоду з эканамічнай палітыкай урада, выступаюць супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

„Нягледзячы на абсалютна мірны характар гэтых сходаў, уладамі краіны былі пачатыя рэпрэсіі ў дачыненні да іх удзельнікаў і арганізатараў. Пад хвалю рэпрэсій трапілі лідары і актывісты палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, праваабаронцы, блогеры і журналісты шэрагу незалежных СМІ, звычайныя людзі. Уладамі быў задзейнічаны і выкарыстаны шырокі спектр найгоршых рэпрэсіўных практык: адвольныя затрыманні, масавае выкарыстанне адміністрацыйных арыштаў, вобшукі ў офісах дэмсіл і прыватных памяшканнях, буйныя штрафы”, — гаворыцца ў дакуменце.

Усяго, паводле інфармацыі праваабаронцаў, пачынаючы з 3 сакавіка гэтага года за ўдзел у мірных сходах у той ці іншай форме былі рэпрэсаваныя каля 300 чалавек, больш за 100 з іх арыштаваныя.

Акрамя таго, 21-22 сакавіка стала вядома пра шматлікія затрыманні грамадзян у межах распачатай крымінальнай справы аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 3 арт. 293 КК). Усе затрыманыя ўзятыя пад варту і змешчаныя ў СІЗА КДБ і СІЗА № 1 Менска. 23 сакавіка КДБ паведаміў, што ў рамках справы затрыманыя 26 чалавек, прычым аператыўна-следчыя дзеянні працягваюцца і магчымыя новыя затрыманні.

„Дзеянні прадстаўнікоў сілавых ведамстваў суправаджаюцца грубымі парушэннямі правоў затрыманых, у прыватнасці неабгрунтаваным ужываннем фізічнай сілы. Асаблівую занепакоенасць выклікае інфармацыя аб недапушчэнні адвакатаў да затрыманых. Мы расцэньваем гэтыя дзеянні як парушэнне гарантаванага Канстытуцыяй краіны права на абарону”, — заяўляюць праваабаронцы.

Масавыя рэпрэсіі пры садзеянні ўладаў, адзначаецца ў дакуменце, суправаджаюцца прапагандысцкай кампаніяй у дзяржаўных СМІ, накіраванай „на нагнятанне істэрыі і атмасферы страху з мэтай запалохвання грамадства”. „Гэта дае нам падставы ацэньваць характар пераследу як палітычна матываваны”, — заяўляюць праваабаронцы.

У сувязі з гэтым праваабарончыя арганізацыі патрабуюць ад уладаў неадкладна спыніць нагнятанне істэрыі і атмасферы страху ў беларускім грамадстве і вызваліць усіх асоб, якія былі адвольна затрыманыя або арыштаваныя за ўдзел у мірных сходах і выказванне меркавання.

Як лічаць праваабаронцы, улады павінны забяспечыць няўхільнае выкананне ўсіх працэсуальных гарантый асобам, узятым пад варту, забяспечыць правы грамадзян на мірныя сходы і выказванне меркавання, устрымацца ад прымянення насілля ў дачыненні да іх, а таксама не перашкаджаць журналістам у іх прафесійнай дзейнасці.

belapan.by