Праваабаронцы патрабуюць прыцягнуць Ігара Шуневіча да крымінальнай адказнасці



Праваабарончы цэнтр “Вясна” за подпісам старшыні Алеся Бяляцкага і юрыст Валянцін Стэфановіч накіравалі заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з тым, каб гэтыя дзяржорганы правялі праверку па факце дыскрымінацыйных выказванняў міністра унутранных спраў Ігара Шуневіча па тэлебачанню.

Гаворка ідзе пра інтэрв’ю міністра, у якім ён выказаўся адносна грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, што належаць да супольнасці ЛГБТК+, назваўшы іх “дзіравымі”.

Праваабаронцы ў сваю чаргу адзначаюць, што ў беларускім грамадстве і так дастаткова высокі ўзровень гамафобіі, што часам прыводзіць нават да здзяйснення злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзянаў па матывах нянавісці менавіта па прыкмеце іх сэксуальнай арыентацыі. Замест таго, каб супрацстаяць такім негатыўным праявам, міністр Шуневіч дазваляе сабе ўжываць жарганізмы, характэрныя для носьбітаў крымінальнай субкультуры альбо носьбітаў неанацыскіх поглядаў.

“Лічу, што дадзеныя выказванні носяць скрайне абразлівы характар, прапагандуюць у беларускім грамадстве нянавісць і дыскрымінацыю ў дачыненні да грамадзянаў краіны па прыкмеце іх сэксуальнай арыентацыі, спрыяюць іх далейшай стыгматызацыі”, – адзначае Валянцін Стэфановіч у заяве да старшыні Следчага камітэта.

Ён падкрэслівае, што такія выказванні, апроч іншага, сведчаць пра нізкую прававую культуру і неразуменне прынцыпаў дзейнасці органаў МУС, нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных нормаў ў галіне правоў чалавека, ратыфікаваных краінай.

Паводле spring96.org

Фота Grodnonews.by