Праваабаронцы паведамляюць пра новыя факты ціску на асуджаных палітвязняў



Пра новыя факты ціску на асуджаных палітвязняў са спасылкай на беларускіх праваабаронцаў інфармуе агенцтва БелаПАН. Алег Рубец з Пінску, прыгавораны да 5,5 года калоніі, пераведзены на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады. У лютым сёлета адміністрацыя наваполацкай калоніі, дзе Рубец адбываў пакаранне, адправіла яго ў штрафны ізалятар на 40 сутак, а затым – у памяшканне камернага тыпу, а таксама пазбавіла перадач, званкоў і лістоў.

Зміцер Сушчык, асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі, не мае права на перадачы, званкі і спатканні. З красавіка ён знаходзіцца ў аршанскай калоніі, за гэты час ад яго не было лістоў. Паводле інфармацыі сваякоў, хутчэй за ўсё, ён у ШІЗА. 17 лютага сёлета Сушчыка, які спрабаваў уцячы з краіны, затрымалі расейскія памежнікі і перадалі беларускаму боку.

Анархіст Ігар Аліневіч пасля карантыну ў калоніі ў Мазырскім раёне, куды яго этапавалі адбываць 20-гадовы тэрмін, быў адпраўлены ў ШІЗА на 20 сутак.

[manual_related_posts]