Праваабаронцы паведамляюць аб затрыманні больш як 70 пратэстоўцаў



Больш за 70 удзельнікаў пратэстаў былі затрыманыя праваахоўнымі органамі 12 кастрычніка. Пра гэта 13 кастрычніка паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Фота tut.by

Паводле дадзеных праваабаронцаў, большасць пратэстоўцаў былі затрыманыя ў Менску, двое — у Віцебску і адзін — у Магілёве.

Сярод затрыманых трое непаўналетніх, у тым ліку 13-гадовы хлопчык, якога пазней адпусцілі.

У Менску і іншых гарадах Беларусі 12 кастрычніка прайшоў марш пенсіянераў. У сталіцы пратэстоўцам ад плошчы Незалежнасці ўдалося дайсці да раёна Акадэміі навук, дзе каля 1-й клінічнай бальніцы супраць іх ужылі газ, святлошумавыя патроны і іншыя спецсродкі. Таксама, паводле звестак праваабаронцаў, спецыяльныя сродкі былі ўжытыя супраць урачоў і студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі салідарнасці.

Увечары ў спальных раёнах Менска пратэставалі супраць жорсткіх дзеянняў сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў маршу пенсіянераў. Затрыманні адбываліся ў розных частках сталіцы.

belapan.by