Праваабаронцы паведамляюць амаль пра 240 затрыманых



Праваабаронцы паведамляюць пра 238 затрыманых у Менску і іншых гарадах падчас чарговай нядзельнай акцыі прыхільнікаў перамен — Партызанскага маршу 18 кастрычніка. Спісы затрыманых публікуе spring96.org.

У Менску Партызанскі марш сабраў дзясяткі тысяч прыхільнікаў перамен. Гэта быў ужо дзясяты па ліку нядзельны марш пасля прэзідэнцкіх выбараў. Упершыню ён праходзіў у аддаленні ад цэнтра горада — на Партызанскім праспекце.

У Менску былі затрыманыя журналісты Алесь Любянчук (тэлеканал „Белсат”) і Арцём Маёраў (газета „Белорусы и рынок”). На Любенчука ў Заводскім РУУС складзены пратакол паводле арт. 23.4 КоАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў). Маёраў дастаўлены ў Кастрычніцкі РУУС. Іншай інфармацыі пра журналістаў пакуль няма.

Акрамя Менска затрыманні зафіксаваныя ў Берасці, Віцебску, Гомелі, Дзяржынску, Жодзіне, Навагрудку, Наваполацку, Светлагорску, Смаргоні, Фаніпалі.

У Брэсце затрыманыя фатограф „Брестской газеты” і анлайн-часопіса „Бинокль” Раман Чмель і пазаштатны карэспандэнт „Брестской газеты” Максім Хлябец. Яны затрыманыя на 72 гадзіны за адміністрацыйнае правапарушэнне, паведамляе часопіс.