Праваабаронцы прызналі Дзмітрыя Паліенку палітвязнем



Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Дзмітрыя Паліенку палітзняволеным і запатрабавалі яго неадкладнага вызвалення.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр „Вясна” (пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі), Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі, камітэт абароны рэпрэсаваных „Салідарнасць”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі дакументацыйны цэнтр, „Прававая ініцыятыва”, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр.

У заяве адзначаецца, што прычынай для крымінальнага пераследу Паліенкі стаў ягоны ўдзел у мірнай акцыі веласіпедыстаў „Крытычная маса” 29 красавіка 2016 года. Адзначаецца, што акцыя была „гвалтоўна, з прымяненнем непрапарцыйнай сілы, спыненая супрацоўнікамі міліцыі”. Шэсць удзельнікаў акцыі, у тым ліку Паліенка, былі затрыманыя.

12 кастрычніка 2016 года Паліенка быў асуджаны па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (насілле або пагроза ўжывання насілля ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў) і па ч. 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Ён быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на два гады.

Праваабаронцы ўпэўненыя, што абвінавачванне Паліенкі ў дзеяннях гвалтоўнага характару ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі падчас правядзення велапрабегу, а таксама ў размяшчэнні ім у сацсетках спасылкі на парнаграфічны ролік „не знайшлі свайго пацвярджэння ў судзе і не былі падмацаваныя дастатковымі доказамі”.

„Адзначаючы гэтыя абставіны і падкрэсліваючы невыкананне дзяржавай пазітыўных абавязацельстваў па спрыянні рэалізацыі правоў на мірныя сходы і свабоднае выказванне меркаванняў, абароне ўдзельнікаў мірных сходаў, праваабаронцы прыйшлі да высновы — асуджэнне Дзмітрыя Паліенкі непасрэдна стала вынікам рэалізацыі ім свабоды мірных сходаў і выказвання думкі”, — гаворыцца ў заяве.

7 красавіка 2017 года суд Заводскага раёна Менска адмяніў адтэрміноўку выканання пакарання, і Паліенка падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на паўтара года (з улікам часу утрымання пад вартай да суда ў 2016 годзе).

Падставай для такога рашэння суда стала, у тым ліку, прыцягненне Паліенкі некалькі разоў да адміністрацыйнай адказнасці.

Так, 10 сакавіка Паліенка быў арыштаваны на сем сутак за тое, што пасля абвяшчэння прыгавору суда Першамайскага раёна ў дачыненні да фанатаў футбольнага клуба „Партызан” па „справе антыфашыстаў” выкрыкваў „Ганьба!” і іншыя рэплікі ў знак нязгоды з рашэннем суддзі, які прыгаварыў абвінавачаных да пазбаўлення волі ад 4 да 12 гадоў. Паліенку абвінавацілі ў дробным хуліганстве па арт. 17.1 КоАП і ў непадпарадкаванні законным патрабаванням службовых асоб згодна з арт. 23.4 КоАП.

20 сакавіка Паліенка быў арыштаваны на 15 сутак за ўдзел у акцыі па абароне Курапатаў. Варта зазначыць, што ў дзень заканчэння тэрміну арышту Паліенка на волю не выйшаў: як паведамілі яго былыя сукамернікі, актывісту „дадалі” яшчэ 10 сутак арышту, за што — невядома. Паліенку пакінулі ў жодзінскім ізалятары. Праваабаронцы не выключаюць, што гэта было зроблена спецыяльна, каб пратрымаць актывіста да вынясення судовага рашэння 7 красавіка.

Як адзначаецца ў заяве, усе гэтыя акалічнасці дазваляюць кваліфікаваць пераслед Паліенкі як палітычна матываваны, а яго самога як палітычнага зняволенага.

belapan.by