Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух чалавек



Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух чалавек — берасцейца Андрэя Коласа і гамяльчаніна Яўгена Зялкоўскага. Абодва асуджаныя па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства).

Колас прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, ён ужо пачаў адбываць пакаранне. Згодна з абвінавачаннем, Колас разам з іншымі грамадзянамі 23 кастрычніка 2020 года зрабіў пудзіла, „прадстаўляючы яго перад грамадскасцю як прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, далучыўшы да яго два аркушы паперы, на якіх неўстаноўленая асоба зрабіла надпіс „украў галасы” і „асудзіў невінаватых”, разам з іншымі асобамі вывесіў пудзіла на дрэве на ўчастку мясцовасці па Варшаўскай шашы, тым самым выставіўшы пудзіла на агляд няпэўнаму колу асоб”.

Як гаворыцца ў сумеснай заяве праваабарончых арганізацый, змест надпісаў, а таксама выгляд пудзіла сведчаць аб іх пратэставым змесце, мэтай учынку было „выказванне свайго пратэсту і нязгоды з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і сітуацыяй, якая склалася ў краіне ў поствыбарчы перыяд”.

„Абвінавачаны не пасягаў на сакральныя або гісторыка-культурныя каштоўнасці. Самі надпісы не ўтрымліваюць нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці або сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах”, — падкрэслілі праваабаронцы. Такім чынам, на іх думку, гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як хуліганства.

Яўген Зялкоўскі асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі. Згодна з абвінавачаннем, восенню мінулага года ён двойчы ўстанаўліваў у бязлюдных месцах Гомеля бел-чырвона-белы сцяг побач са скрынкамі, якія, паводле следства, можна было прыняць за выбуховыя прылады. У скрынках знаходзіліся карыкатуры на амапаўцаў і петарда без змесціва.

Як падкрэслілі праваабаронцы, дзеянні абвінавачванага „насілі выключна пратэставы характар і з’яўляліся выказваннем меркавання аўтара на грамадска-палітычныя падзеі ў краіне, і не былі цынічнага або абразлівага зместу, не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў, не насілі грамадска небяспечнага характару”.

Аўтары заявы патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення Андрэя Коласа і Яўгена Зялкоўскага, а таксама ўсіх іншых палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Дакумент падпісалі дзевяць арганізацый: пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, РГА „Прававая ініцыятыва”, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дакументацыйны цэнтр, РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт”, кансультацыйны цэнтр „Хьюман канстанта”, „Ініцыятыва FORB”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Палітвязнямі ў Беларусі прызнана 480 чалавек.

БелаПАН