Праваабаронцы прызналі палітвязнямі затрыманых прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў
13 траўня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, што былі затрыманыя ў красавіку, паведамляе ПЦ „Вясна”. Палітвязнямі прызнаныя:
Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намеснік старшыня БКДП; Генадзь Фядыніч, лідар прафсаюзу РЭП; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Буд-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Бераснёў.
«Пазбаўленне волі паказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі пераследу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідараў апошнім часам і носіць сістэмны характар», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.
Па стане на 13 траўня праваабаронцы прызналі палітвязнямі ў Беларусі 1195 зняволеных.