Праваабаронцы: Спіс затрыманых на Дні Волі не канчатковы



Спіс затрыманых у час Дня Волі ў Менску дагэтуль удакладняецца. Паводле праваабарончага цэнтру „Вясна” напярэдадні ў Менску былі затрыманыя каля 700 чалавек. З іх на больш як сотню склалі адміністрацыйныя пратаколы і пакінулі пад вартай.

Як адзначае намесніца старшыні праваабарончага цэнтру „Вясна” Таццана Рэвяка, атрымаць інфармацыю пра затрыманых ад міліцыянтаў амаль немагчыма.

– Мы былі ў Савецкім РАУСе. Па спісах у іх было 116 затрыманых. Яны сказалі, што недзе каля 10-ці накіравалі на Акрэсціна, тых, хто пройдуць праз суды. Гэта значыць, што значная частка людзей была вызвалена. Канчатковаых лічбаў пакуль што мы не маем. Але нашыя назіральнікі заставаліся каля РАУСаў і па кропельках, па нейкіх асабістых кантактах, у якіх родныя так і не з’явіліся на сувязі, адсочваюцца прозвішчы. Гэта вельмі крапатлівая праца. І яна працягваецца.

Паводле праваабаронцаў агулам з пачатку сакавіка ў выніку акцый пратэсту, якія праходзілі ў Менску і рэгіёнах, праваахоўныя органы затрымалі каля 1000 чалавек. Сярод іх таксама журналісты і праваабаронцы, у тым ліку замежныя.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя