Праваабаронцы: Улады ўпарта парушаюць 35-ы артыкул Канстытуцыі



У Баранавічах суд у чарговы раз падтрымаў адмову чыноўнікаў Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта ў пікеце да Дня правоў чалавека.

Суддзя Вольга Апановіч не ўзяла пад увагу довады актывістаў пра тое, што дамову з міліцыяй павінен рабіць сам выканкам.

Па словах аднаго з заяўнікаў пікету праваабаронцы Сяргея Гоўшы, суддзя палічыла рашэнне Камітэта па правах чалавека ад 2006 года, дзе сказана аб неправамернай адмове гарвыканкамам па аналагічнай прычыне пікету, састарэлым. Пры чым у сваім рашэнні спаслалася на праект пастановы гарвыканкама, які не прайшоў яшчэ юрыдычную экспертызу, кажа Сяргей Гоўша.

– У 35-ым артыкуле Канстытуцыі свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў і г.д., якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян, гарантуецца дзяржавай. Гэта ж таксама запісана ў 21-ым артыкуле Пакта аб грамадзянскіх правах, і не павінна быць ніякіх іншых абмежаванняў.

Паводле Сяргея Гоўшы, суддзя Вольга Апановіч пераступіла ўслед за гарвыканкамам Канстытуцыю Республікі Беларусь, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і нават пастанову Савета міністраў ад 2012 года дзеля карпаратыўных інтарэсаў мясцовых чыноўнікаў. Рашэнне суда будзе абскарджана.

Беларускае Радыё Рацыя