Праваабаронцы выйшлі на вуліцы Жодзіна



У Жодзіне забаранілі пікет, але заяўнікі дагэтуль не атрымалі адказу з выканкама. Па словах кіраўніцы ідэалагічнага аддзела Ірыны Карповіч, адказ быў дасланы яшчэ 28 жніўня заказным лістом з уведамленнем.

У сувязі з забаронай мерапрыемства праваабаронцы адмянілі правядзенне пікетаванне ў падтрымку Мікалая Статкевіча ды іншых палітвязняў, а таксама супраць расейскай вайсковай агрэсіі ва Украіне. У гэты дзень праваабаронцы вырашылі апрануць цішоткі з надпісамі „Маю права на мірныя сходы!” і выйсці на вуліцы горада.

Нагадаем, што 3 гады таму быў арыштаваны вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бляцкі, які ўжо выйшаў на волю. Пасля гэтага міжнародная супольнасць абвясціла 4 жніўня Міжнародным днём салідарнасці з палітвязнямі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

На сённяшні дзень у беларускіх турмах застаецца 7 палітзняволеных.

Алесь Лета, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Аляксея Лапіцкага