Праваабароны на сваім форуме прынялі заяву супраць затрымання актывістаў



У Беларусі напярэдадні „Марша абураных беларусаў 2.0.” адбыліся прэвентыўныя затрыманні актывістаў, якія хацелі прыняць удзел у акцыі. Напрыклад, у чарговы раз затрыманы на вакзале ў Баранавічах актывіст прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Рыгор Грык.

Удзельнікі 4-га Беларускага праваабарончага форуму ў Вільні, даведаўшыся пра затрыманні, зрабілі тэрміновую заяву, у якой патрабуюць адпусціць затрыманых і даць магчымасць людзям правесці мірную акцыю, кажа Аня Герасімава з Беларускага Дому правоў чалавека, якая агучыла заяву ўдзельнікам форуму:

– Мы рашуча пратэстуем супраць прэвентыўных затрыманняў актывістаў у сувязі з акцыяй “Марша абураных беларусаў”. Забеспячэнне права на мірныя сходы з’яўляецца абавязацельствам Беларусі як па Канстытуцыі, так і ў рамках яе міжнародных абавязацельстваў.

Праваабаронцы заклікалі ўлады адпусціць прэвентыўна затрыманых, устрымацца ад умяшальніцтва ў ход акцыі і затрымання ўдзельнікаў, а таксама прымянення да іх іншых мер уздзеяння.

Заява ўдзельнікаў IV Беларускага праваабарончага форума

 21 кастрычніка 2017 года

 Мы, удзельнікі IV Беларускага праваабарончага форума, рашуча пратэстуем супраць прэвентыўных затрыманняў актывістаў напярэдадні акцыі “Марш абураных беларусаў”, якая ладзіцца 21 кастрычніка 2017 года ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы.

 Мы ў чарговы раз нагадваем аб тым, што забеспячэнне права на мірныя сходы, гарантаванага Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца пазітыўным абавязкам дзяржавы.

 У сувязі з гэтым заклікаем беларускія ўлады вызваліць прэвентыўна затрыманых актывістаў; ўстрымацца ад умяшальніцтва ў ход мірнай акцыі і затрымання яе ўдзельнікаў, а таксама прымянення да іх іншых адміністрацыйных санкцый.

Беларускае Радыё Рацыя