Праваслаўная царква Беларусі: 30 жніўня агульны малебен за беларускі народ



Ва ўсіх цэрквах у нядзелю ў 17:00 пройдзе малебен за беларускі народ. Епіскап Веніямін будзе служыць у Свята-Духавым саборы. Малебен пройдзе па блаславенні епіскапа Веніяміна, абранага Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усёй Беларусі.

«А 17 гадзіне ва ўсіх храмах і манастырах Беларускай Праваслаўнай Царквы будзе здзейснены малебен з акафістам Успенню Прасвятой Багародзіцы і малітвай за беларускі народ», — гаворыцца ў паведамленні на сайце Беларускай праваслаўнай царквы.

Там жа прыведзены цыркулярны ліст за подпісам епіскапа Веніяміна. «Усе маем спадзяванні на хутчэйшае заспакаенне смуты сярод народа нашага, зацвярджэння блаславёнага міру і спакою. А для гэтага неабходна саборная малітва ўсёй Беларускай Царквы. Малітоўнае яднанне ў веры, надзеі на дапамогу Божую і любові ў Хрысце — у гэтым наша сведчанне аб праўдзе, наша сіла і надзея», — адзначыў епіскап.