Праваслаўныя адзначаюць Дабравешчанне



7-га красавіка, выпадае вялікае свята Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы. Яно належыць да нерухомых святаў у гонар Божай Маці і адзначаецца 25 сакавіка (7 красавіка). Cвята адзначалася ўжо ў апостальскія часы і называлася «Пачаткам Адкуплення» або «Дабравешчаннем аб Хрысце», бо расходзілася пра навіну аб зачацці Сына Божага як чалавека. У 3-м стагоддзі яго адзначалі ўжо надзвычай урачыста, а ў 4-м была ўстаноўлена цяперашняя дата свята. Падставай для свята паслужыла абвяшчэнне арханёлам Дзеве Марыі, што з Яе народзіцца Эмануіл — Месія, Сын Божы, Ісус Хрыстос. Сама падзея дакладна апісана ў Евангеллі. Марыя ўспрыняла словы арханёла з вялікай пакорай. «Я — служка Гасподняя, хай станецца паводле слова твайго», — сказала Яна, затым спешна накіравалася да Елізаветы, будучай маці Яана Хрысціцеля, каб падзяліцца з ёю гэтай радаснай, незвычайнай весткай. Яе адказ, гэта тое славутае лацінскае слова «Фіят»— «хай гэтак будзе», «хай станецца».

***

У народнай традыцыі свята Дабравешчання звязанае з пачаткам вясны і прылётам буслоў з выраю. У гэты дзень гаспадыні пяклі печыва ў форме бусловых лапаў. Людзі верылі што «лапы» маглі прывабіць буслоў, а калі тыя сяліліся на хаце  ці гумне, гэта прадвяшчала шчасце гаспадарам, кажа Валянціна Марціновіч з Краснага Сяла.

— Дабравешчанне — гэта вельмі вялікае свята, калі Божая Маці даведалася, што народзіць Хрыста і падобна тады пачалі прылятаць буслы і людзі зразумелі, што тыя буслы прыносяць дзяцей. А людзі таксама радаваліся, што народзіцца Ісус, і пяклі бусловыя лапы.  

Паводле вераванняў на свята Дабравешчання  нельга нічога рабіць. Існавала перакананне, што ў гэты дзень нават птушкі не вілі сваіх гнёздаў.

Сёння ў Музеі народнага мастацтва пад Беластокам да 14 гадзіны Валянціна Марціновіч праводзіць майстар-класы па вырабе бусловых лапаў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара