Праваслаўныя адзначаюць свята Пакрова Прасвятой Багародзіны



Праваслаўныя хрысціяне адзначаюць 14-га кастрычніка адно з найвялікшых святаў – свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

Духоўная сутнасць свята тлумачыцца клірыкам Свята-Пакроўскага Сабору Гародні айцом Паўлам Касьпяровічам:

– Вось было б добра, каб у сённяшняй сітуацыі ў Беларусі мы помнілі, што ёсць Праўда з вялікай літары. Мы можам памыляцца, а каб не памыляцца, нам важна ўважліва ўчытвацца ў Святое пісанне, бо гэта тое, што нам пакінуў Гасподзь, каб мы кіраваліся. І калі мы будзем кіравацца Нагорнай пропаведдзю, з намі і з нашымі сем’ямі, з нашай краінай усё будзе цудоўна. А мы помнім, што ў Евангеллі няма месца ні хлусні, ні гвалту, ні злачынствам. Там адно святло і дабро.

Галоўны матыў, які спрычыніўся да ўсталявання свята, гэта відзеж святога Андрэя Юродзівага ў дзясятым стагоддзі ў той час, калі Царград, сталіцу Візантыі, аточылі арабы. Цэлы горад быў у трывозе. Паводле відзежа, Прасвятая Багародзіца абараніла Царград, зняўшы з галавы белую хустку (амафор-пакроў), і шырока прасцёрла яе над вернікамі. 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: mogeparhia.by