Праваслаўныя адзначаюць Успенне Прасвятой Багародзіцы



10116028 жніўня Праваслаўная Царква адзначае апошняе з ліку 12-ці вялікіх святаў у царкоўным годзе – свята Успення Божай Маці. Яно было ўстаноўлена ў 4-м стагоддзі і святкуецца 15 (28) жніўня.

Падзея, якая сталася падставай для ўстанаўлення свята, не была адзначана ў Святым Пісанні. Вядома толькі, што Божая Маці была даручана апецы ўлюбёнага вучня Яана (Яан. 19, 26-27). Святасць ейнага жыцця прыдбала Ёй пашану і любоў першых хрысціян. На тры дні перад сваёй смерцю — згодна пераказам — непадалёку ад Аліўнай гары з’явіўся арханёл Гаўрыіл апавясціць, што надышоў час ейнага развітання са светам. Марыя падрыхтавалася да гэтага і выказала пажаданне, каб яе пахавалі паміж магіламі бацькоў і св. Язэпа. Пасля ейнага скону раптам ля ложка заззяла святло і Хрыстос у атачэнні анёлаў ды святых прыняў душу Маці. Натхнёныя Духам апосталы, якія ў той час знаходзіліся ў розных месцах, хутка прыбылі — акрамя Фамы — у Ерусалім. Са спевам жалобных песняў апосталы паднялі труну і ўрачыста накіраваліся да месца магілы. Адзін з яўрэйскіх святароў, Антоній, спрабаваў зняважыць Божую Маці, але калі толькі дакрануўся да труны, адпалі ў яго абедзве рукі. Цела Божай Маці было пакладзена ў магілу і закрыта каменем. Калі пасля трох дзён вярнуўся апостал Фама і хацеў паглядзець на Дзеву Марыю, апосталы, адсунуўшы камень, не знайшлі там цела. Для ўсіх стала ясна, што яна ўваскрэсла. Вечарам таго ж дня вернікі ўбачылі яе ў вышынях у атачэнні анёлаў.

Пасля трохдзённага прабывання ў магіле Марыя целам і душою адышла на неба, і таму яе скон Царква называе не смерцю, але ўспеннем. Адначасова Царква павучае вернікаў, што хрысціянская смерць не з’яўляецца канцом існавання, але пераходам ад зямлі да неба, ад смяротнасці і разлажэння да жыцця вечнага. На трэці дзень пасля Успення ў некаторых, асабліва ў катэдральных храмах, адпраўляецца пахаванне Божай Маці.

Царква верыць, што Божая Маці хадайнічае перад сваім Сынам за людзей і гэтая вера выказваецца ў сотнях акафістаў, гімнаў і паэтычных твораў. Наяўнасць сотняў цудатворных іконаў Божай Маці пацвярджае, што Яна — сапраўдная „маці свету”, блізкая нам, як родная. Гэтае хадайніцтва выказваецца ў трапары свята: „У мацярынстве Тваім Ты засталася Дзевай і ва ўспенні Сваім не пакінула свету без апекі”.

Святу Успення папярэднічае двухтыднёвы пост званы Успенскім. Свята мае адзін перадсвяточны і восем паслясвяточных дзён. Успенне Божай Маці замыкае цыкл дванаццаці вялікіх гадавых святаў, якія адкрываюць тайну Божага плану збаўлення людзей і набліжаюць вернікаў да зразумення гэтай тайны. Успенне традыцыйна з’яўляецца улюбёным святам сялян і земляробаў. Яно звязанае з дажынкамі, зборам ураджаю. У гэты дзень прынята асвячаць каласы збожжа і розныя зёлкі, адкуль і ўзяўся назоў «зельная». На Падляшшы сёння храмавое свята ў Беластоку-Старасельцах, Бельску Падляскім, Боцьках, Чыжах, Дубінах, Вэрстоку, Востраве ды ў іншых парафіях.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота pravmir.ru 

[manual_related_posts]