Праваслаўныя пачынаюць Піліпаўскі пост
Праваслаўныя вернікі пачалі «піліпаўку». Менавіта 28 лістапада пачынецца Піліпаўскі пост. Паводле праваслаўных традыцый гэта 40-дзённы час задумы ды духоўнай падрыхтоўкі да Калядаў, паколькі заканчваецца ён 6 студзеня – напярэдадні Божага Нараджэння паводле Юліянскага календара.
Пра значэнне назвы посту распавёў нашаму карэспандэнту настаяцель прыходу Уваскрашэння Гасподняга ў Бельску Падляшскім, айцец Андрэй Мінько:
— Гэта назва ўзялася ад таго дня, пасля якога пачынаецца калядны пост. Мы адзначалі дзень памяці святога апостала Піліпа і на наступны дзень пачынаецца пост, які працягнецца 40 дзён і завершыцца Куццёй, Калядой — святам Раства Хрыстовага.
Традыцыйна ўжо, падчас посту рэкамендуецца адмовіцца ад мясных страў і нават малочных прадуктаў. Таксама 28 лістапада праваслаўная царква ўшаноўвае памяць святых пакутнікаў – Гурыя, Самона ды Авіва. Яны лічацца патронамі сужэнстваў ды сямейнага шчасця.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
