Праваслаўныя святкуюць Дабравешчанне
7-га красавіка вернікі Праваслаўнай царквы, што карыстаюцца юліянскім календаром, адзначаюць адно з 12-ці вялікіх святаў – Дабравешчанне Багародзіцы. Дабравешчанне азначае „добрая вестка”. У гэты дзень Дзеве Марыі з’явіўся архангел Гаўрыіл і абвясціў Ёй пра будучае нараджэнні Ісуса Хрыста – Сына Божага і Збавіцеля свету.
Дабравешчанне святкавалася ўжо ў апостальскія часы і называлася Пачаткам адкуплення або Дабравешчаннем аб Хрысце. Сама падзея дакладна апісаная ў Евангеллі. Марыя ўспрыняла словы арханёла з вялікай пакорай: “Я – служанка Гасподняя. Хай станецца паводле слова твайго”. У святочных багаслужбах падкрэсліваецца пакора Божай Маці і тайна ўцялесяння Сына Божага, недаступная чалавечаму розуму. Гаворыцца, што дзякуючы нараджэнню Божага Сына, зноў адноўлена лучнасць чалавека з Богам.
У народнай традыцыі свята Дабравешчання звязанае з пачаткам вясны і прылётам буслоў з выраю. У гэты дзень гаспадыні рабілі выпечку ў форме бусліных лапак. Людзі верылі, што лапкі маглі прывабіць і самых птушак. Бо калі бусел пасяляўся на хаце ці гумне, гэта мела прынесці гаспадарам шчасце.
Паводле вераванняў, на свята Дабравешчання не можна нічога рабіць. Існавала перакананне, што ў гэты дзень нават птушкі не ў’юць сваіх гнёздаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: hramsergiy74.ru
