Праваслаўныя вернікі рыхтуюцца сустракаць Свята Божага Нараджэння



7 студзеня вернікі святкуюць Раство Хрыстова паводле Юліянскага календара. Завяршаецца 40-дзённы Калядны пост, уночы з 6 на 7 студзеня ў цэрквах пройдуць святочныя службы.

З першай зоркі – бо менавіта Бэтлеемская зорка абвясціла пра Нараджэнне Збаўцы вешчунам – у праваслаўных вернікаў пачынаецца незвычайны час, кажа Ларыса Мартынава, працаўніца дзіцячай нядзельнай школы пры віцебскім Свята-Георгіеўскім храме:

– Ёсць такая калядка: «Хрыстос нарадзіўся, Свет узвесяліўся, Людзям на збаўленне». Праваслаўныя імкнуцца ў гэты дзень пайсці ў царкву, паспавядацца і прычасціцца. А потым пачынаюцца Калядкі, Святкі – калі кожны імкнецца зрабіць нейкія добрыя справы. Мы з дзецьмі звычайна хадзілі ў дом састарэлых, каб данесці да іх святло гэтай каляднай зоркі, каб яны хаця б усміхнуліся!

Свята Божага Нараджэння яднае традыцыі рэлігійнага і сямейнага свята. У сям’і журналісткі Таццяны Матвеевай прынята 7 студзеня наведваць блізкіх:

– Стараемся хадзіць у госці да майго хрэсніка і да хроснай маці майго мужа. Я гатую адмыслова калядныя кексы, якія робяць за месяц да свята. Трымаеш іх у лядоўні, загорнутымі ў фольгу, і раз на тыдзень потым дастаеш і прапітваеш каньяком… Я раблю такіх 7-8, каб хапіла ўсім родным і сябрам, самым блізкім.

Паводле Юліянскага календара Раство Хрыстова адзначаюць праваслаўныя ў Беларусі і Расеі, а таксама Сербская, Ерусалімская, Грузінская, Польская праваслаўныя царквы, Афонскія манастыры, некаторыя пратэстанты і каталікі ўсходняга абраду. Урачыстая служба праходзіць і на месцы нараджэння Ісуса Хрыста ў Бэтлееме.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск