Прававое бязмежжа становіцца нормай
Баранавіцкая гарадская міліцыя брутальнае затрыманне сябра прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Рыгора Грыка 21 кастрычніка на чыгуначнай станцыі лічыць законным.
Такі адказ на сваю скаргу ў Баранавіцкую пракуратуру атрымаў Рыгор Грык.
Сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяргей Гоўша лічыць прававым бязмежжам адносіны міліцыянтаў да актывіста і разгляд самой скаргі, накіраванай пракурору раёна. Кажа Сяргей Гоўша:
– Пракурор перанакіраваў скаргу ў абласное ўпраўленне міліцыі. А там не сталі разбірацца са сваімі падначаленымі. Яны проста перанакіравалі ім, каб тыя далі адказ. Міліцыянты і адказалі: „Мы нічога не парушылі, усё нармальна”. Яны Грыка схапілі, заламалі рукі і пацягнулі ў міліцыю. А ў яго быў білет у Менск. Яны напісалі, што ў якасці сведкі яго затрымалі.
Паводле Сяргея Гоўшы, сведак не затрымліваюць гвалтоўна, сведак выклікаюць позвай.
21 кастрычніка Рыгора Грыка затрымалі на пероне вакзала перад пасадкай у цягнік, на якім ён планаваў ехаць у сталіцу, дзе ў той дзень праходзіла акцыя пратэсту «Марш абураных беларусаў». Гэта ўжо 6-е гвалтоўнае затрыманне Грыка. Яго хапалі ля пад’езда, на вуліцы, цягнулі ў міліцыю, дзе трымалі колькі ім уздумаецца і адпускалі без складання пратакола. Гэта натуральны здзек над чалавекам, лічыць праваабаронца.
Беларускае Радыё Рацыя
