Праз год арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звернецца да папы з просьбай пра адстаўку



Гэта адбудзецца ў адпаведнасці з Кодэксам кананічнага права Рымска-каталіцкага касцёла, 3 студзеня 2021 года мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу споўніцца 75 гадоў.

 

Пра гэта іерарх распавёў на традыцыйнай перадкаляднай сустрэчы з журналістамі ў Менску.

– 3 студзеня 2021 году я падам просьбу аб звальненні мяне з маіх функцый, калі да гэтага часу дажыву. Усё ў божых руках. Далей папа прымае рашэнне. Шкада? Не шкада. Я ўжо 30 гадоў біскуп, трохі гэтага хлеба з’еў, і ў розных краінах, і ў розных абставінах, сацыяльна-палітычных і гэтак далей. Я стараюся працаваць далей, на колькі дазволяць сілы, магчымасці і абставіны. Бараніў Касцёл і буду бараніць. Такія змены часам патрэбныя, Касцёл – гэта не закасцяелы арганізм.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 года ў мястэчку Адэльск каля Гародні. У пачатку 1960-х паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гарадзенскага педінстытута, але праз год сыйшоў адтуль па прычыне абвінавачвання ў рэгулярным наведванні касцёла і ўдзеле ў набажэнствах.

У 1976 годзе паступіў у духоўную семінарыю ў Коўне. Увесну 1981 года высвечаны ў сан святара. Служыў у розных краінах.

У верасні 2007 года папа Бенедыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Кандрусевіча мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Улетку 2015 года сябры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі абралі яго сваім старшынём.

Беларускае Радыё Рацыя