Праз правы чалавека да волі і дэмакратыі



Госць Беларускага Радыё Рацыі дырэктар Дома правоў чалавека ва Украіне Сяргей Бураў – стваральнік Дома правоў чалавека ў Чарнігаве лічыць, што веданне чалавекам сваіх правоў вядзе да развіцця грамадства ў накірунку дэмакратыі.

Чарнігаўскі Дом правоў чалавека створаны як астравок, дзе людзі атрымліваюць веды пра правы чалавека і ў час нягоды, калі чалавек, калі вымушаны бегчы з краіны з дыктатарскім рэжымам, можа знайсці тут дапамогу:

РР: Сп. Сяргей, калі ўзнікла ідэя стварэння Дома правоў у Чарнігаве?

–  Дарэчы гэтая гісторыя звязана з Беларуссю непасрэдна. А ідэя з’явілася, калі вядомы беларускі праваабаронца, якога цяпер ужо няма, Барыс Звозкаў разам з фондам правоў чалавека і з сеткай Дамоў правоў чалавека распачаў працэс стварэння беларускага Дома правоў чалавека. Шукалі месца, дзе будзе знаходзіцца сама арганізацыя, лакацыя Беларускага дома правоў чалавека. Было тры варыянты: гэта быў Чарнігаў – памежны абласны горад адносна дэмакратычнай на той час дзяржавы, другі варыянт – Кіеў, таму што гэта была сталіца дэмакратычнай дзяржавы, якая знаходзіцца побач, і трэці варыянт – Вільня. Рада абрала тады Вільню, але мы таксама падрыхтавалі свае прапазіцыі і прапанавалі сваім нарвежскім калегам стварыць Дом правоў чалавека ва Украіне. Тыя адказалі, а чаму б не. І мы распачалі такую работу, якая актывізавалася з 2006 года. Час ад часу мы вярталіся да гэтай ідэі, працавалі, каб наблізіць час стварэння Дома правоў чалавека. Таму што арганізаваць такі Дом трэба не толькі мець такую арганізацыю і жаданне гэта зрабіць. Трэба адпавядаць міжнародным стандартам празрыстасці, адкрытасці і дэмакратычным прынцыпам. Мы над гэтым усім працавалі, і гісторыя актуалізавалася. У 2013 годзе пачалі будаваць канкрэтныя планы. І сам Дом як арганізацыя з’явіўся ў лістападзе 2013 года, якраз быў цяжкі перыяд для нашай краіны: пачыналася рэвалюцыя годнасці, потым вайна. І ўсё гэта адбывалася паралельна і нават цяжка ўспомніць, як гэта ўдавалася, таму што тры-чатыры франты адразу і трэба было там і там штосьці рабіць. Але мы не адмовіліся ад рэгістрацыі арганізацыі і набыцця будынку, які стаў такім рэсурсным, асветніцкім цэнтрам.

РР: Чаму ў Чарнігаве, а не ў Кіеве. Звычайна такія ідэі ўвасабляюцца ў сталіцах.

– Вельмі важна, што ў Чарнігаве, а не ў Кіеве. Зараз мы часта гаворым у нашай краіне пра дэцэнтралізацыю. Дэцэнтралізацыя фактычна мае быць і ў дзеяннях, грамадскіх ініцыятывах людзей. І гэта вельмі добра. Напрыклад, у Чарнігаве ўзнік будынак правоў чалавека, у Тэрнопалі з’явіўся экалагічны цэнтр і так далей. Насамрэч гэта вельмі важна для развіцця дзяржавы і грамадства. Насамрэч канцэпцыя Дамоў правоў чалавека ўвасабляе два кампаненты: матэр’яльны – наяўнасць будынку. У іншых краінах такія будынкі – офісныя цэнтры, дзе арганізацыі падзяляюць рэсурсы свае і такім чынам выграюць за кошт эканоміі рэсурсаў. Але самае галоўнае ў гэтай канцэпцыі, калі ёсць кааліцыя арганізацый, якія робяць агульную справу па абароне правоў чалавека. І вось нашага Дома не было б, калі б не было ў нас такой кааліцыі. І вось асновай стала праграма: “Мы разумеем правы чалавека”. Яна існуе і зараз і стала фундаментам пабудовы нашага Дома. Ініцыятыва вынікла з грамадскай арганізацыі пад назвай “Март”, якая існуе з 1998 года і якой я непасрэдна займаўся. Потым мы ўжо аб’ядналі свае высілкі з іншымі арганізацыямі. Але большасць захадаў, цэнтр такі фізічны былі ў Чарнігаве – гэта адна прычына. Другая прычына – Чарнігаў у такой выгаднай адлегласці ад Кіева і плюс: Чарнігаў – зацішнае месца, цікавае ў гістарычным плане, дзе можна крышку адпачыць і навучыцца.

РР: На чым засяроджана дзейнасць вашага Дома правоў чалавека?

– Вельмі вялікі напрамак – гэта асветніцкая дзейнасць. У адрозненне ад іншых Дамоў правоў чалавека мы ствараліся свядома як асветніцкі Дом правоў чалавека. І калі бальшыня Дамоў правоў чалавека як офісныя цэнтры, то ў нас няма офісаў, наш Дом – трэнінгавы рэсурсны цэнтр, дзе могуць адначасова пражываць больш за 29 чалавек і праводзіць трывалыя стратэгічныя сесіі ці навучанні. Гэта першы напрамак работы. І наогул калі стваралі Дом, то людзі, датычныя да гэтай праграмы верылі і вераць, што асвета ў сферы правоў чалавека – есць адным з важнейшых інструментаў у абароне правоў чалавека. Мне здаецца другі раз, што мы гэтага недаацэньваем. Нам здаецца, што абарона правоў чалавека – гэта суды, маніторынгі акцый, яшчэ што-небудзь. Гэта важна. Але найбольшую ролю мае асвета ў сферы правоў чалавека. І другі накірунак нашага Дома – гэта дапамога праваабаронцам. І самая ўнікальнасць нашага Дому, што мы можам аказваць тэрміновую дапамогу. Як паказалі апошнія падзеі з Беларуссю і не толькі, калі чалавек проста вымушаны імгненна выехаць са сваёй краіны, апынуўся проста на вуліцы. А гэты чалавек займаўся канкрэтнымі важнымі справамі – працаваў журналістам ці грамадскім дзеячам і тут патрэбна хуткая падтрымка і дапамога. І мне здаецца, што нам удаецца і ўдалося пакуль аказваць хуткую дапамогу. І ў нас ёсць больш трывалыя праграмы для падтрымкі праваабаронцаў. Гэта наш другі накірунак. І трэці накірунак – дапамогу грамадству Украіны і не толькі быць месцам, дзе можна праводзіць навучанні правоў чалавека і быць месцам і лабараторыяй для стварэння прадукцыі па правам чалавека. Мы ўсё больш і больш становімся прафесіянальнымі ў гэтым.

Слухайце больш пра дзейнасць Дома правоў у Чарнігаве ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя