Атрымалі ўзнагароды першыя лаўрэаты прэміі імя Віктара Сырыцы



Грамадская ініцыятыва па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863 года на Лідчыне атрымала прэмію імя Віктара Сырыцы. Сябры грамадскіх арганізацый ды палітычных партый з Ліды, Бярозаўкі і Лідскага раёна цягам мінулага года на ўласныя сродкі і ўласнымі сіламі займаліся ўпарадкаваннем і рэканструкцыяй месца пахавання невядомых паўстанцаў ва ўрочышчы “Крыжы”. Па словах Вітольда Ашурка, аднаго з лаўрэатаў, сродкі, атрыманыя разам з прэміяй, пойдуць на далейшыя працы па ўпардкаванні памятнага месца, а таксама на ўладкаванне дарогі да гэтага месца, якое знаходзіцца пасярод калгаснага поля.

– Прэмію Сырыцы атрымалі за ўпарадкаванне месца пахавання паўстанцаў 1863 года. Была праведзеная праца сябрамі-аднадумцамі з лідскай і бярозаўскай суполак. Атрымалася ўсё выдатна. І дзякуй, што нашая праца была адзначаная і ўшанаваная такім чынам.

Прэмію таксама атрымала грамадская актывістка з Полаччыны Вольга Дамаскіна за арганізацыю моўных курсаў „Жывая мова”.

«Задача прэміі — падтрымка добрых ініцыятываў, вартых ўвагі. У гэтым годзе ў выніку галасавання Рады Руху „За Свабоду“ лаўрэатамі сталі арганізатары дзвух ініцыятываў — з Полацка Вольга Дамаскіна („Жывая мова“) і з Лідчыны Вітольд Ашурак, Валер Мінец і Сяргей Пантус (ушанаванне памяці паўстанцаў 1863 года)», — сказаў старшыня Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч.

Прэмія імя Віктара Сырыцы была закладзеная Рухам “За Свабоду” ў 2016 годзе. Уручаецца грамадскім ініцыятывам з рэгіёнаў. Названая так у гонар грамадскага актывіста, сябра Руху “За Свабоду” і ТБМ з Баранавічаў.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя