Прэс-сакратар БПЦ Сяргей Лепін звольніўся па ўласным жаданні



Старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускае праваслаўнае царквы Маскоўскага патрыярхату протаіерэй Сяргей Лепін звольніўся па ўласным жаданні.

У інтэрв’ю Onliner.by Лепін адмовіўся расказаць аб прычыне звальнення.

«Так, я напісаў прашэнне па ўласным жаданні. Заўтра будзе вядомы вынік — у мяне пакуль падпісанай паперы няма на руках, — сказаў Лепін. — Прычына — уласнае жаданне, падрабязнасцяў асабліва і няшмат. Я спадзяюся, што ў чалавека, які прыйдзе на маю пасаду, усё будзе добра. Я амаль 10 гадоў свайго жыцця прысвяціў гэтай службе, я кроўна зацікаўлены, каб у інфармацыйнага аддзелу ўсё было добра. Я да гэтага часу з’яўляюся часткай царквы, захоўваю служэнне, але трохі ў іншай паўнаце якасцяў».

Як нагадвае tut.by, 15 лістапада на сваёй старонцы ў Facebook Сяргей Лепін выказаўся з нагоды разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу памяці Рамана Бандарэнкі. Ён напісаў, што «гэта здзек з партрэтаў забітага, з кветак у яго памяць, сатанінскае патаптанне лампадаў і абразкоў».

Лукашэнка зачытаў на нарадзе 17 лістапада выказванні біскупа Касабуцкага — пра тое, што «сённяшнія паводзіны сілавікоў паказваюць павелічэнне страху і боязі дзяржаўнай улады ў дачыненні да беларускага народу», і прэс-сакратара Беларускай праваслаўнай царквы Сяргея Лепіна — пра знішчэнне мемарыялаў Бандарэнкі, і запатрабаваў, каб «праваахоўныя органы далі ім ацэнку».

«Спытайцеся, дзе і хто дазволіў здзекавацца з абразоў, лампадаў і кветак?.. Мы рот нікому не закрываем. Але кажыце праўду! Сказаў няпраўду — адказвай», — запатрабаваў Лукашэнка.

svabod1.azureedge.net