Пробашчу катэдры ў Віцебску забаранілі служыць у Беларусі



За адзін дзень пад зваротам да Упаўнаважанага ў справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі падпісалася каля 300 чалавек.

Фота: vitkatedra.by

Віцебскія каталікі выказваюць незадавальненне і патрабуюць, каб ім вярнулі іх духоўнага айца і пробашча парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску Паўла Кнурэка. Пазней тэкст звароту быў апублікаваны на пляцоўцы Petitions.by.

Пробашч каталіцкай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску ксёндз Павал Кнурэк, грамадзянін Польшчы, праслужыў у віцебскай катэдры крыху больш за год. У лістападзе 2018 года ён быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі. Да прыезду ў Віцебск святар больш за 16 гадоў узначальваў парафію Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі раён).

Як расказваюць парафіяне, перад ад’ездам у Польшчу пробашч суцяшаў вернікаў. Казаў, што растанне часовае і што цягам некалькіх месяцаў пытанне можа вырашыцца і ён вернецца да паствы.

Але 13 студзеня пасля ўрачыстай імшы Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч паведаміў парафіі, што ад Упаўнаважанага па справах релігій і нацыянальнасцяў прыйшла чарговая адмова на працягненне служэння ў Беларусі. “Без тлумачэньняў прычын. І цяпер ужо канчаткова”, – удакладніў біскуп Алег Буткевіч.

Біскуп прызнаўся, што вельмі расчараваны адмовай і заклікаў вернікаў маліцца ў інтэнцыі ўладаў, каб яны былі больш адкрытымі да каталіцкага Касцёлу і ягоных патрэбаў.

Парафіяне абвясцілі збор подпісаў пад зваротам да Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі з просбай перагледзець рашэнне аб непрацягненні дазволу на служэнне ў Беларусі кс. Паўлу Кнурэку і дазволіць яму вярнуцца ў сваю парафію. Просяць таксама патлумачыць, з якой прычыны было прынятае рашэнне аб забароне на яго служэнне ў нашай краіне.

За адзін дзень пад зваротам падпісалася каля 300 чалавек. Вернікі кажуць, што ў выпадку чарговай адмовы, будуць звяртацца ў Адміністрацыю прэзідэнта. 

“Рашэнне не працягнуць дазвол на служэньне а. Паўла выклікае тым большае здзіўленне, што ў апошнія гады нашая дзяржава яскрава дэманструе адкрытасць свету. У 2018 годзе Указам Прэзідэнта быў павялічаны тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі нашай краіны да 1 месяца. І зусім незразумела, як пры гэтым чалавек, які больш за 15 гадоў адпрацаваў у Беларусі на ніве духоўнага адраджэньня нашай Айчыны, пазбаўляецца права знаходзіцца і служыць на яе тэрыторыі. Упэўненыя, што такія забароны шкодзяць іміджу ўсёй краіны”, – гаворыцца ў звароце да Гулякі.

“І вельмі прыкра, што гэта адбываецца ў юбілейны для парафіі год, бо сёлета мы адзначаем 20-годдзе кансэкрацыі касцёла Езуса Міласэрнага”, – пішуць віцебскія каталікі.

Запэўніваюць, што зусім не ўспрымалі а. Паўла Кнурэка як чужаземца, бо “адпраўляў набажэнствы, прамаўляў казанні і размаўляў з людзьмі на добрай беларускай мове”, выдатна ведаў нашую культура і ўсімі сродкамі спрыяў яе развіццю.

“Мы перакананыя, што для людзей, якія сеюць дабро, любоў і сапраўдную веру, Беларусь павінна заўсёды трымаць дзверы адчыненымі. З таго, што яны раптам зачыняюцца перад кімсці, вынікае, на наш погляд, толькі шкода ды напружанасць у грамадстве”, – гаворыцца ў звароце да Гулякі.

Нагадаем, падчас перадкаляднай прэс-канфэрэнцыі Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звяртаў увагу на “пэўныя складанасці з запрашэннем святароў з замежжа, не толькі з Польшчы”. Казаў, што вакансіі святароў у Віцебскай дыяцэзіі пакуль немагчыма кампенсаваць ксяндзамі-беларусамі. Паводле Біскупа, на падрыхтоўчых курсах у духоўнай семінарыі навучаюцца зараз усяго два чалавекі з дыяцэзіі.

Паводле нашай інфармацыі, за апошнія тры гады (2016–2018) улады не далі аніводнага дазволу на служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі замежнікам – каталіцкім святарам альбо манашкам.

vitebskspring.org