Пройдзе суд па справе аб смяротным здарэнні на „Гродна Азоце”



Разгляд крымінальнай справы па факце буйнога пажару ў ААТ „Гродна Азот”, у выніку якога загінулі двое рабочых і яшчэ трое атрымалі траўмы, запланаваны 23 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні. Як паведаміла прадстаўнік суда Кастрычніцкага раёна Вікторыя Кірылава, слуханне пачнецца ў 10.30.

Расследаванне крымінальнай справы аб пажары на хімічным гіганце доўжылася больш за год і закончылася ў сярэдзіне ліпеня. Паводле інфармацыі афіцыйнага прадстаўніка ўпраўлення Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці Сяргея Шаршаневіча, абвінавачанне выстаўленае 32-гадоваму работніку „Гродна Азота” на падставе ч. 3 арт. 304 КК (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Вядома, што ў той дзень абвінавачаны кіраваў рамонтнымі работамі і адказваў за пажарную бяспеку. Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з забаронай займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Перш чым выявіць абвінавачанага, следчыя дапыталі дзясяткі сведак — кіраўнікоў і работнікаў прадпрыемства. Была канфіскаваная і вывучаная дакументацыя па ахове працы, прамысловай і пажарнай бяспецы, правядзенні агнявых і рамонтных работ, прааналізаваныя вынікі шэрагу складаных экспертыз.

Пажар на „Гродна Азоце” пачаўся 6 чэрвеня 2016 года прыблізна ў 12.30. У цэху выпарвання едкага натру працоўныя выконвалі агнявыя работы з дапамогай газавага разака. У гэтым жа памяшканні захоўваліся ўпакоўкі з крышталічным гідраксіламінасульфатам. Іскры і часцінкі распаленага металу трапілі на хімічнае рэчыва, яно загарэлася і стала выдзяляць небяспечны газ.

Два чалавекі загінулі на месцы ад вострага атручэння прадуктамі раскладання, яшчэ тры атрымалі траўмы і трапілі ў бальніцу. Агонь знішчыў амаль 62 тоны гідраксіламінсульфату коштам большым за 74 тысячы рублёў, пашкодзіў іншую маёмасць прадпрыемства больш як на 19 тысяч рублёў.

belapan.com

Фота autogrodno.by