Пры пажары ў Менску эвакуявана 280 чалавек



Раніцай 11 лютага ў інтэрнаце ў Менску адбыўся пажар.

Як паведамляе Менскае гарадское ўпраўленне МНС, у 8.33 ад жыхароў паступіла паведамленне аб узгаранні на першым паверсе дзевяціпавярховага будынка інтэрната па вул. Русіянава. Пасля прыбыцця да месца выкліку ў 08.36 першых падраздзяленняў ратавальнікаў было ўстаноўлена, што адбылося загаранне смецця пад лесвічнай клеткай і драўлянага дзвярнога блока на агульнай плошчы 4 кв. метры.

У выніку пажару пашкоджаны драўляны блок на першым паверсе, ПВХ-накладкі на парэнчы на двух лесвічных маршах, закурана лесвічная клетка.

Работнікі МНС з будынка інтэрната па лесвічным маршы эвакуявалі 280 чалавек. З калідора дзявятага паверху выратаваны з дапамогай маскі мужчына 1984 года нараджэння, якому шлях эвакуацыі быў адрэзаны моцным задымленнем. Ратавальнікі перадалі яго з атручэннем прадуктамі гарэння брыгадзе хуткай дапамогі для шпіталізацыі.

Пасля ліквідацыі пажару па медыцынскую дапамогу да брыгады хуткай дапамогі звярнулася пенсіянерка 1931 года нараджэння, якую з атручэннем прадуктамі гарэння таксама шпіталізавалі ў бальніцу.

У 8.59 пажар быў цалкам ліквідаваны. Прычына пажару высвятляецца, разглядаецца версія аб неасцярожным абыходжанні з агнём невядомай асобы.

belapan.by