Прыблізна 60 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабралася ў Берасці



Прыкладна 60 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся 22 ліпеня апоўдні на плошчы Леніна ў Берасці.

Як паведаміла БелаПАН адна з актывістак, тэмай сустрэчы стала абмеркаванне „калектыўнага ліста” нейкіх жыхароў Берасця ў гарвыканкам, якія паскардзіліся на тое, што кожную нядзелю на плошчы Леніна праціўнікі будаўніцтва завода збіраюцца, каб карміць галубоў.

„Мы не разумеем, чаму свой пратэст некаторыя грамадзяне выказваюць такім „варварскім спосабам” — калі прыкормліваюць птушак на цэнтральнай плошчы. Прыгожы, добраўпарадкаваны куток нашага дагледжанага горада ў нядзелю ператвараецца ў астравок галубінага бруду, на які стала складана прайсці са сваімі дзецьмі. Мы і так стаміліся ад правядзення розных масавых мерапрыемстваў на плошчы, а тут кожную нядзелю шум, гам”, — гаворыцца ў лісце, аўтары якога просяць улады прыняць меры.

У адказе за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Сяргея Жукава гаворыцца, што „прыкормліванне галубоў і іншых птушак не парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь і не з’яўляецца парушэннем правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання гарадскіх тэрыторый”. „Разам з тым гарвыканкам выказвае заклапочанасць сітуацыяй, якая парушае спакой жыхароў, экалогію, а таксама эстэтычны выгляд галоўнай плошчы горада”, — адзначаецца ў адказе Берасцейскага гарвыканкама.

Некаторыя ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы на плошчы выказвалі меркаванне, што „калектыўны зварот” ініцыяваны ўладамі, каб атрымаць дадатковыя рычагі ўздзеяння на праціўнікаў будаўніцтва завода.

За сустрэчай на плошчы Леніна сёння назіралі тры чалавекі ў цывільным, якія здымалі тое, што адбываецца, на відэа.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва завода было перададзена ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 мая на гэты адказ была накіраваная адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва завода праходзяць на плошчы Леніна кожную нядзелю з 25 лютага.

БелаПАН