Прыгаворанага да смерці за забойства гомельскай студэнткі наведаў адвакат



Жыхара Гомеля Аляксандра Грунова, прыгаворанага да смяротнага пакарання за жорсткае забойства студэнткі, у камеры смяротнікаў яго наведаў адвакат Сяргей Красноў.

Пасля таго, як старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала пакінуў без задавальнення наглядную скаргу адваката, смяротны прысуд могуць прывесці ў выкананне ў любы момант.

Паводле слоў адваката, на сустрэчы з асуджаным абмяркоўвалася магчымасць падачы яшчэ адной нагляднай скаргі на імя старшыні Вярхоўнага суда непасрэдна ад самога Грунова. Гэта апошняя магчымасць звярнуць увагу на акалічнасці, што змякчаюць віну.

З удзельнікамі летняй школы па правах чалавека ў Вільні сустрэлася Тамара Чыкунова, заснавальніца  арганізацыі “Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў”. Тамара Чыкунова распавяла, як пад катаваннямі яе адзінага сына прымусілі прызнаць сваю віну ў забойстве, як следчыя шантажавалі яго, пагражаючы забіць яе – маці:

– Тады ён сказаў: “Дайце мне паслухаць”. Яму далі паслухаць, ён пачуў у тэлефоне, як я крычу, як мяне абражаюць, прыніжаюць і б’юць. Ён сказаў: “Я падпішу ўсе дакументы, усё што хочаце, адпусціце. Так мой сын падпісаў сабе смяротны прысуд.

Тамара Чыкунова таксама гаварыла пра важнасць дыялогу ў грамадстве на тэму смяротнага пакарання і неабходнасць яе адмены.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя