Прыпынак МАДРа, але транслітарацыя MOPRa



Па інфармацыі берасцейскіх рэгіянальных СМІ ў горадзе пачалі з’яўляцца новыя прыпынкі гарадскога транспарту аформленыя ў адзіным стылі. Мясцовыя ўлады зрабілі гэтыя захады ў межах падрыхтоўкі да святкавання 1000-годдзя Берасця. Назвы прыпынкаў аформілі па-беларуску, але ўвагу грамадскасці выклікала іхная транслітарацыя на латынь, якая зроблена па-расейску.

Неўзабаве пасля гэтага з’явілася петыцыя, у якой патрабуюць прывядзенне транслітарацыі назваў у адпаведнасць з заканадаўствам, то бок не з расейскай, а з беларускай мовы. Каментуе мовазнаўца, кандыдат філалагічных навук і педагог Мікола Новік, які падпісаў петыцыю:

– Я бачыў гэтую петыцыю і асабіста яе падпісаў. Фактычна і тэарэтычна яна складзеная правільна. Вельмі добра і станоўча, што яны гэтыя назвы прыпынкаў напісалі па-беларуску нарэшце. Але тое, што транслітарацыя зробленая з расейскай мовы, а не з беларускай і зробленая не беларускай лацініцай, а ангельскай – гэта дапушчана памылка.

Таксама аўтары петыцыі просяць Берасцейскі гарвыканкам і Дзяржаўны камітэт па маёмасці: «…у далейшым не ствараць рэбусы-перашкоды ў навігацыі для турыстаў горада Берасця. Напісанне мусіць быць не «prospekt Masherova», а «praspiekt Mašerava» і гэтак далей». Пад петыцыяй ужо падпісаліся 154 чалавекі. Ці звернуць увагу ўлады на яе і ці пераробяць транслітарацыю ў адпаведнасць з заканадаўствам да пачатку святочных урачыстасцяў стане вядома ўжо хутка. Святкаванне 1000-годдзя Берасця пачнецца 6 верасня.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя Фота: brestcity.com