Прысуд Эдуарду Пальчысу абвесцяць 17 снежня



Прысуд Эдуарду Пальчысу суддзя Пётр Арлоў абвесціць 17 снежня а 12-й гадзіне. Пра гэта паведаміла Вікторыя Пальчыс, жонка блогера. Справу разглядае Менскі гарадскі суд. Блогера вінавацяць па чатырох артыкулах КК. 

Суд пачаўся 6 снежня. Ён праходзіць у закрытым рэжыме.

Вядомаму блогеру пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе nashaniva.com. Эдуарда вінавацяць па чатырох артыкулах КК: распальванне варожасці; арганізацыя масавых беспарадкаў; арганізацыя дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак; заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», Раман Пратасевіч праходзіць па справе сведкам. Пратасевіч раней выказваўся ў інтэрв’ю АНТ пра чат «Хата»: «Там былі адміністратары найбуйнейшых каналаў, блогеры і гэтак далей. І менавіта там усё сапраўды адбывалася, гэта быў такі галоўны каардынацыйны чат вулічных пратэстаў і інфармацыйнага парадку».

Сярод тых, хто ўваходзіў у чат, Пратасевіч назваў і Пальчыса.

Пра тое, ці выступаў Пратасевіч у судзе, няма інфармацыі.