Прысуд па „справе пяці гарадзенцаў” пакуль адклалі



Прысуд па крымінальнай справе пяці гарадзенцаў” пакуль адклалі. Пра гэта 4 сакавіка паведамляе „Гарадзенская вясна”:

Усё паседжанне заняло менш 15 хвілін.  Адзін з пяці абвінавачаных – Аляксандар Якубоўскі знік цягам працэсу і абвешчаны ў вышук. Астатнія чатырох – браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцова ўдзельнічалі ва ўсіх паседжаннях і імкнуліся давесці сваю невінаватасць. Усіх абсурдна вінавацяць паводле артыкулаў 342 і 364 Крымінальнага кодэксу. Справа вядзецца за падзеі ў Гародні 6 верасня 2020 года. У справе фігуруюць ажно 11 „пацярпелых” супрацоўнікаў МУС.

Вядзе справу суддзя Ганна Лявусік. На папярэднім паседжанні пракурор Аліна Чужаземец папрасіла суд прызначыць наступнае пакаранне ўсім падсудным – узяцця іх пад варту і заняволіць у калоніі агульнага рэжыму. Персанальна гэта выглядае так: Надзеі Сцепанцовай – прысудзіць 2 з паловай гады калоніі, яе сястры Жанне Захаркевіч – два гады, а братам Уладзіміру і Юрыю Седзянеўскаму – па паўтары гады калоніі.

4 сакавіка з апошнім словам па чарзе выступілі Юрый Седзянеўскі, Жанна Захаркевіч і Уладзімір Седзянеўскі. А вось апошняе слова Надзеі Сцепанцовай пакуль не прагучала. Суддзя Лявусік абвесціла перапынак у судовым працэсе. Наступнае паседжанне пройдзе 10 сакавіка і пачнецца а 10-й гадзіне.