Прысутнасць карэспандэнта Радыё Рацыя палічылі непажаданай



Ганаровае консульства Славакіі адкрылі ў Берасці. На ўрачыстасць спрабаваў трапіць наш карэспандэнт, але яму адмовілі без тлумачэння прычынаў.

Карэспанэнт Беларускага Радыё Рацыя:

– Зараз знаходжуся ў Берасце па адрасе вуліца Камсамольская, 34, на месцы, дзе мусіць адбывацца ўрачыстае адкрыццё ганаровага консульства Славацкай Рэспублікі ў Берасці. Сутыкнуўся з тым, што ахоўнік, які прадставіўся супрацоўнікам ахоўнай службы ААТ “Продтавары”, папрасіў у мяне дакументы і сказаў, што зараз спраўдзіць у некага з прысутных, ці магу я ўваходзіць як карэспандэнт. Калі вярнуўся, паведаміў, спаслаўшыся на галоўнага ідэолага горада Генадзя Іванчына, што мая прысутнасць, як карэспандэнта Радыё Рацыя, непажадана. Візуальна здалёк бачна, што там Іванчын насамрэч прысутнічае, прысутнічаюць таксама журналісты і дыпламаты з іншых краінаў. На пытанне: чаму мяне не пускаюць? Сказалі, што прысутнасць карэспандэнта Радыё Рацыя непажадана.

Уваход у арку, якая вядзе ў дворык будынка, блакіравалі людзі, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі службы аховы ці бяспекі ААТ “Прадтавары”.

Гаворыць адзін з ахоўнікаў:

– Я не магу вас пусціць. Стаіць ідэолаг і гаворыць, што вы тут непажаданыя. Вы вельмі добрыя хлопцы. Асабіста я нічога не маю супраць. Але ў мяне свая праца і пасля я атрымаю па галаве.

“Выпадкі, калі на мерапрыемствы не дапускаюць незалежных журналістаў – для Беларусі ня рэдкасць”, – каментуе старшыня Берасцейскай філіі грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Максім Хлябец:

– Ахоўнікі ды іншыя лічаць, што яны тут галоўныя і могуць вырашаць, каму дазволіць уваход, а каму – не. З гэтым складана нешта зрабіць. Мы сёння не можам атрымаць акрэдытацыю. Гэта перашкода для нашых журналістаў, якая ва ўсім свеце караецца. Там не важна, журналіст-фрылансер ты ці блогер. Зараз нават блогеры становяцца людзьмі, якія могуць асвятляць што заўгодна. Можа гэтая праблема вырашыцца пазней сама сабой, калі пачнуць разумець, наколькі ўплывовымі бываюць людзі і наколькі ўплывовыя ёсць журналісты.

На саміх жа ўрачыстасцях, звязаных з адкрыццём консульства Славакіі ў Берасці, былі заўважныя прадстаўнікі дыпламатычных місій і ганаровых консульстваў Украіны, Польшчы, Францыі, Ісляндыі ды іншых краін. Ад уладаў прысутнічаў старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук, ідэолаг Генадзь Іванчын ды іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота Міколы Ляшкевіча