Прызначаны суд па пераводзе Міхаіла Жамчужнага ў турму



Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, пасля месячнага ўтрымання ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ), якое завершылася 4 кастрычніка, палітвязень Міхаіл Жамчужны атрымаў ужо два спагнанні – кожнае па 10 сутак ШЫЗА. Такім чынам, з пачатку жніўня, калі палітвязень быў пераведзены ў калонію №9 у Горкі, у яго ўжо 8 спагнанняў у выглядзе змяшчэння ў ШЫЗА і ПТК.

У мінулы аўторак, 10 кастрычніка, Міхаіла Жамчужнага даставілі ў памяшканне калоніі, дзе праходзілі працэсы над зняволенымі выязнога суда г. Горкі. Тое, што ў той дзень мусіць адбыцца судовы працэс па пераводзе яго ў турму, Жамчужны даведаўся толькі на месцы. Палітвязень адмовіўся ўдзельнічаць у судзе і запатрабаваў забяспечыць яму абарону. Міхаілу Жамчужнаму прапанавалі скарыстацца паслугамі горацкага адваката, але ён адмовіўся і запатрабаваў удзелу ў працэсе адваката, з якім у палітвязня заключана дамова. Пасля гэтага яго вярнулі ў камеру.

На дадзены момант прадстаўлення адміністрацыі калоніі аб пераводзе Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым зняволення не бачыў ні сам вязень, ні ягоны абаронца. Аднак сёння стала вядома, што судовы працэс ужо прызначаны на 24 кастрычніка ў 14.30 на тэрыторыі калоніі №9 г. Горкі.

Вядома, што Міхаіл Жамчужны намераны выказваць нязгоду пераводу ў турму, тлумачачы гэта тым, што непадпарадкаванні, за якія выносяцца сістэматычныя спагнанні – вымушаныя, накіраваныя на абарону ягонай годнасці і гонару. Палітвязень мае намер дадзеныя спагнанні абскардзіць у судовым парадку.

Міхаіл Жамчужны ўтрымліваецца большую частку свайго знаходжання ў калоніі №9 у ШЫЗА і не мае ні паперы, ні асадкі, адпаведна не можа пісаць лісты. Ён просіць з разуменнем паставіцца да вымушанага “перыяду маўчання” сваіх сяброў і ўсіх тых, на чые лісты не мае магчымасці адказаць.