ПЦ „Вясна”: Ужо каля 20 чалавек абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў



Па дадзеных праваабарончага цэнтру „Вясна” па так званай справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў затрымана найменш 18 чалавек. Яшчэ двое – верагодна затрыманы, яны не выходзяць на сувязь, – распавяла супрацоўніца „Вясны” Наста Лойка. Гэтыя людзі абвінавачваюцца па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу „Масавыя беспарадкі”, якая прадугледжвае адказнасць за навучэнне, фінанасаванне ды іншае матэрыяльнае забеспячнне іх падрыхтоўкі.

– Затрыманы на дадзены момант тры катэгорыі людзей: асобы, якія калісьці мелі дачыненне да “Белага легіёну”, які быў распушчаны афіцыйна ў 2008 годзе; па-другое, гэта людзі, якія звязаныя з бабруйскім спартовым клубам “Патрыёт”, у тым ліку там было шмат трэнераў дзеючых вайскоўцаў; і таксама пачалі затрымліваць маладафронтаўцаў, то бок проста грамадскіх актывістаў, якія нават не мелі ніякага дачынення да нейкіх спартовых рухаў.

Па ўскосных фактах, усё гэта выглядае непраўдападобна, паколькі спачатку прагучала заява кіраўніка Беларусі, а потым пачаліся затрыманні. Таксам відавочна, што частка затрыманых ніяк не звязаныя адзін з другім. Выклікае сумневы і тое, што паказваюць адносна гэтай справы па беларускаму тэлебачанню, – у стылі „страшылкі” перад 25 сакавіка. Таму ўсе гэтыя затрыманні падобны на чарговую, палітычна матываваную зачыстку. „Але, – як падкрэсліла Наста Лойка, – пакуль праваабаронцы не могуць заявіць пра гэта афіцыйна з-за недахопу інфармацыі”.

Беларускае Радыё Рацыя